Мікалай Казлоў можа заняць пасаду ў АПК, якую раней займаў Азараў — "Белсат"
Мікалай Казлоў
Кандыдатуру экс-палітвязня Мікалая Казлова разглядаюць на пасаду ў Аб'яднаным пераходным кабінеце (АПК), якую раней займаў Аляксандр Азараў. Яго кандыдатуру мусіць узгадніць Каардынацыйная рада, паведамляе "Белсат".
Пасада Азарава ў АПК называлася "прадстаўнік у справе аднаўлення законнасці і правапарадку". Як будзе называцца пасада Казлова, пакуль невядома.
Мікалай Казлоў нарадзіўся 5 студзеня 1967 года ў Валожыне, вырас у Нясвіжы. Скончыў Новасібірскую вышэйшую агульнавайсковую вучэльню, служыў у Закаўказзі і Сярэдняй Азіі, удзельнічаў у міратворчай місіі падчас Карабахскага канфлікту. Пасля распаду СССР вярнуўся ў Беларусь, працаваў у крымінальным вышуку. 17 гадоў быў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах УУС Цэнтральнага раёна Мінска, меў званне падпалкоўніка міліцыі ў запасе.
У 2008 годзе падчас парламенцкіх выбараў Казлоў публічна заявіў пра фальсіфікацыі на выбарчым участку, напісаў рапарт начальству і паведаміў пра інцыдэнт незалежным СМІ. Неўзабаве пасля гэтага яго адправілі ў запас.
У 2012 годзе Казлоў уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю, у 2016-м стаў намеснікам старшыні АГП. У 2021-м Лукашэнка пазбавіў яго звання падпалкоўніка міліцыі запасу.
Пасля пратэстаў 2020 года Казлова двойчы асуджалі па палітычных справах, яго прызналі палітвязнем. Падчас зняволення яго неаднаразова адпраўлялі ў карцар і ПКТ, яго не адпусцілі на пахаванне маці. На волю ён выйшаў 22 ліпеня 2024 года.