У Кобрынскім раёне адбылася ўспышка шаленства, ўлады не праінфармавалі людзей
Мясцовыя СМІ былі абавязаныя пра гэта напісаць, але чамусьці гэтага не зрабілі / 1prof.by
30 снежня 2025 года ў Кобрынскім раёне адбылося пазачарговае пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях. На ім абмяркоўвалі і зацвердзілі план мерапрыемстваў па ліквідацыі эпізаатычнага ачага шаленства сярод жывёл і папярэджанні новых выпадкаў захворвання ва ўсходняй частцы Зосімаўскага лясніцтва. Дакумент у распараджэнне рэдакцыі Еўрарадыё прадаставіла арганізацыя BELPOL.
Сярод мер па барацьбе з ачагом шаленства было прынята рашэнне правесці сярод насельніцтва тлумачальную работу, а ў газеце "Кобрынскі веснік" апублікаваць артыкул пра меры прафілактыкі захворвання на шаленства і правілы рэгістрацыі сабак і катоў.
Аднак па стане на 27 студзеня 2026 года такі артыкул так і не з’явіўся на сайтах мясцовай прэсы. Затое 31 снежня 2025 года на сайце ДУ "Кобрынскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі" была апублікаваная памятка па экстрымізме.