Мюзікл з беларускай у галоўнай ролі — на адным з асноўных тэлеканалаў Італіі

Святлана Ціханоўская і Кацярына Шульга

Святлана Ціханоўская і Кацярына Шульга / Andrea Miconi

У сярэдзіне студзеня па адным з асноўных італьянскіх тэлеканалаў RAI3 паказалі мюзікл "Краіна мараў". Галоўную ролю ў ім выканала беларуска Кацярына Шульга — бадай самая вядомая наша суайчынніца ў Італіі, піша Радыё Свабода.

Кацярына пераехала з Гродна ў Італію ў 12-гадовым узросце ў 2005-м. Яна мае за сабой кар’еру італьянскай мадэлі, грала ў тэатры, знялася ў дзясятках фільмаў і сэрыялаў. Некалькі гадоў таму яна зняла ўласны фільм пра Беларусь.

Яе маці — дзяячка беларускай дыяспары ў Італіі Вольга Сурынава. Падчас пратэстаў у Беларусі і пасля іх жанчына ладзіла акцыі салідарнасці ў Рыме. У 2024 годзе яна была кандыдаткай на выбарах у Еўрапарламент ад італьянскай партыі Più Europa. У сваёй выбарчай кампаніі яна прасоўвала тэму Беларусі і казала, што ўдзельнічае ў выбарах ад імя беларусаў, якія змагаюцца за дэмакратыю.

Кацярына Шульга ў 2013 годзе атрымала прэмію "Найлепшая акторка-пачаткоўка" на фестывалі незалежнага аўтарскага кіно ў Апуліі. Праз 10 год беларуску запрасілі ўжо ў прафесійнае журы гэтага кінафэсту.

Пяць гадоў таму яна знялася ў псіхалагічным трылеры "Чалавек у лабірынце" разам з Дасцінам Хофманам і італьянцам Тоні Сэрвіла.

Муж Кацярыны — кінапрадусар Марка Белардзі, у іх трое дзяцей — сын Ларэнца і блізняткі Ніна і Футура. Кацярына часта падкрэслівае сваю беларускасць, у інтэрвію расказвае пра дыктатуру Лукашэнкі, а ў сацыяльных сетках дзеліцца інфармацыяй пра падзеі ў Беларусі. Калі Святлана Ціханоўская прыязджала ў Рым у 2021 годзе, яна сустрэлася з Кацярынай Шульгой.

У 2022-м Шульга зняла дакументальны фільм "Insultati. Bielorussia" паводле п’есы Андрэя Курэйчыка. Аднайменны спектакль яна паставіла ў 2024-м у рымскім Teatro Golden. У гэтай пастаноўцы яна расказала і пра свайго стрыечнага брата Міхася, якому прысвяціла прэм'еру.

Міхась Шавельскі быў беларускім добраахвотнікам ва Украіне, парамедыкам у беларускім батальёне "Тэрор". Ён загінуў 11 кастрычніка 2022 года падчас баёў у Херсонскай вобласьці. Хлопцу быў 21 год. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.