Міжнародная федэрацыя хакея працягнула "бан" Беларусі

Хакей, ілюстрацыйнае фота

Хакей, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

Беларусь і Расія не будуць удзельнічаць у міжнародных хакейных чэмпіянатах у сезоне-2026/2027. Такое рашэнне прыняла Міжнародная федэрацыя хакея (ІІХФ).

"На аснове дэталёвай ацэнкі рызык Савет ІІХФ лічыць, што вяртанне расійскіх і беларускіх нацыянальных і клубных камандаў да ўдзелу ў чэмпіянатах сезона 2026-2027 гадоў пакуль небяспечнае", — гаворыцца ў заяве ІІХФ.

Разам з тым Савет ІІХФ прыняў да ўвагі рэкамендацыі Міжнароднага алімпійскага камітэта. Арганізацыя разгледзіць магчымасць вярнуць юных гульцоў (да 18 гадоў) з расійскіх і беларускіх нацыянальных і клубных камандаў да ўдзелу ў чэмпіянатах сезона 2027-2028 гадоў.

Рашэнне ІІХФ абурыла Федэрацыю хакея Беларусі. Яна апублікавала адкрыты ліст, у якім заявіла, што рашэнні Савета ІІХФ маюць "дыскрымінацыйны характар у дачыненні да беларускіх хакейных камандаў і чальцоў супольнасці і прымаюцца на нацыянальнай і палітычнай глебе".

Санкцыі супраць расійскіх і беларускіх спартоўцаў былі ўведзеныя пасля пачатку шырокамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.