Шпіёны, хуліганы, дзікпікі. ТОП скандалаў 2025 года
Адзначаем галоўныя скандалы 2025 года / Калаж Еўрарадыё
Адыходзячы год акумуляваў безліч скандалаў рознага маштабу, эмацыйнай афарбоўкі і наступстваў ў беларускім асяроддзі. Еўрарадыё нагадвае пра самыя гучныя з іх.
Закрыццё праекта “Беларускі Гаюн”
Можа падацца, што скандал з “Беларускім Гаюном” адбыўся ў мінулым годзе. Але гэта кагнітыўная пастка — падзея стала галоўнай інфанагодай канца зімы — пачатку вясны, сумнае рэха якога разносіцца, на жаль, па стужках навін і дагэтуль.
“Гаюн” — маніторынгавы інфапраект актывіста і блогера Антона Матолькі. Дзякуючы гэтай ініцыятыве ад пачатку вайны ў лютым 2022 года беларусы папярэджвалі Украіну пра перамяшчэнне па тэрыторыі Беларусі расійскага войска: жаўнераў, самалётаў, цягнікоў, аўтамабіляў.
У спецслужбаў рэжыму ніяк не атрымлівалася прыхлопнуць “Гаюн”, але на пачатку 2025 года ім нарэшце пашанцавала — у адной з затрыманых актывістак на тэлефоне аказалася працоўная спасылка на чат-бот праекта, які захоўваў паведамленні і дадзеныя пра карыстальнікаў, іх дасылаўшых.
Узлом “Гаюна” спарадзіў тэрміновую эвакуацыю людзей, якія супрацоўнічалі з праектам з Беларусі, а потым не меншую хвалю затрыманняў. У гэтай няпростай сітуацыі Антон Матолька ўзяў усю адказнасць на сябе, закрыў праект і знік з публічнай прасторы.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, па справе “Гаюна” было асуджана больш за дзвесце чалавек, а пераслед працягваецца і дагэтуль. Аднак гэта не адзінае рэха тых падзей — дагэтуль можна пачуць спрэчкі наконт таго, ці варта расстрэльваць Матольку (вядома, не) і пра тое, ці мусіў бы практ працягваць існаваць.
Таямнічае знікненне прадстаўнікоў дэмсілаў
Уявіце сабе тыповы сюжэт для дэтэктыўнага рамана ў духу Конана Дойла ці Агаты Крысці, бо менавіта так і выглядаюць гісторыі знікнення двух прадстаўнікоў дэмсілаў: Анжалікі Мельнікавай і Анатоля Котава.
Мельнікава, спікерка Каардынацыйнай рады, раптоўна знікла з Польшчы напрыканцы сакавіка. І не толькі яна, а яшчэ дзве яе дачкі, былы муж і 150 тысяч долараў бюджэту на працу КР.
Былы дыпламат і супрацоўнік адміністрацыі прэзідэнта Котаў, нікому не распавядаючы, паляцеў у Турцыю і там з партовага горада Трабзон на зафрахтаванай лодцы сплыў у невядомым напрамку.
Таямнічасць знікнення беларусаў трошкі развеяла праца беларускіх, польскіх і расійскіх журналістаў. У Мельнікавай нібыта адшукаўся таемны каханак Аляксей Лабееў, супрацоўнік вайсковай выведкі, з якім яна адпачывала на курортах. А ў Котава — сведчанні калег па працы, у якіх мужчына ўзяў адгул, каб вырашыць пытанне “па палітыцы”.
Абодва знікненні па-ранейшаму не даюць адказаў, што адбылося з Мельнікавай і Котавым, ці жывыя яны яшчэ дагэтуль. Дзіўна сябе паводзіць і дзяржпрапаганда, якая так і не выкарыстала выпадкі для піяру рэжыму. Калі гэта сапраўды былі спецаперацыі спецслужбаў, у чым сэнс маўчання? Таму кропкі ў гэтых гісторыях пакуль яшчэ рана ставіць.
Cэксоты ў эміграцыйным асяродку
Вакол нас рэжымная агентура.
Гэта мог быць пасаж з чарговай прамовы Зянона Пазняка, але, на жаль, гэта суровая рэчаіснасць. Сёлета звязаныя са спецслужбамі людзі стала траплялі ў фокус медыя. Адныя па ўласнай волі, другія прымусова.
У лютым стала вядома, што медыйны хрысціянскі актывіст і сябра партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Яўген Дудкін са студэнцкіх часоў супрацоўнічаў са спецслужбамі. Актывіст спачатку сам тое пацвердзіў на пасяджэнні Управы партыі БХД, а потым спрабаваў апраўдацца ў прэсе і на сваіх старонках у сацсетках, але ўжо было позна.
А ўжо вясной выданне “Наша Ніва” пры дапамозе BelPol адшукала пашпарты прыкрыцця айцішніка Фёдара Гарбачова, мужа былой кіраўніцы “Радыё Ўнэт” Вольгі Сямашка, а потым і варшаўскага фатографа Івана Мішчука, які здымаў прадстаўнікоў дэмсілаў і палітычныя акцыі эмігрантаў.
Абодва мужчыны адмовіліся ад абвінавачанняў у супрацы з КДБ, але так і не змаглі патлумачыць, чаму ў скрадзенай “Кіберпартызанымі” базе пашпартоў фігуруюць іх фотаздымкі на імя іншых людзей.
Як распавядаў журналістам кіраўнік BelPol Уладзімір Жыгар, пашпарты прыкрыцця выдаюць тысячам людзей, але не ўсе яны пры гэтым могуць быць дзеючымі агентамі. Спецслужбы Польшчы і Літвы на гэтыя навіны не адрэагавалі — прынамсі, публічна.
Непажаданыя дзікпікі экс-кіраўніка BySol Андрэя Стрыжака
У гэтым годзе ў Беларусі нарэшце стала больш актуальнай тэма сексуальных дамагальніцтваў, якая грымела ў ЗША ў другой палове 2010-х. Выпадкаў было некалькі, але самым рэзанансным стаў кейс былога кіраўніка фонду BySol Андрэя Стрыжака.
Актывіст актыўна фліртаваў з прадстаўніцамі праваабарончай і актывісцкай супольнасці, былымі палітзняволенымі. Шэраг з іх атрымалі фотаздымкі яго пеніса (тыя самыя дзікпікі).
Публікацыя Еўрарадыё пра паводзіны Стрыжака, як вадародная бомба, узарвалася ў медыяпрасторы (звычайна мы больш сціплыя). Яна спарадзіла дыскусію пра тое, як варта ставіцца да такіх паводзін і якой павінна быць мера пакарання. Па выніках унутранага расследавання і ўзнікшых праблем са знешнімі партнёрамі Стрыжак вырашыў сысці з фонду.
Сам BySol ад скандалу моцна не пацярпеў (калі не лічыць пазбаўлення членства ў кіраванні Міжнародным гуманітарным фондам), захаваўшы лаяльнасць свайго кам’юніці і перабудаваўшы ўнутраныя механізмы самакіравання.
Абвінавачанне Вольгай Карпушонак Паўла Латушкі ў харасменце
У шэрагу секс-скандалаў апошняга часу асабняком стаіць выпадак дэлегаткі Каардынацыйнай рады Вольгі Карпушонак.
Тая абвінаваціла кіраўніка НАУ і прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушку ў харасменце. Але вялікага скандалу, які мог бы пахаваць кар’еру апазіцыйнага палітыка, так і не адбылося.
Палітычная актывістка абвінаваціла Латушку ў заляцаннях, злоўжыванні паўнамоцтвамі і сувязямі з кіраўніцтвам Польшчы, амаральным ладзе жыцця. Але зрабіла гэта чамусьці з пляжа Рыа-Дэ-Жанейра, не прадставіўшы дастатковых доказаў (хаця б назвы рэстарана іх сумеснай сустрэчы), праз што журналісты не змаглі праверыць агучаную гісторыю.
Сам Латушка заяву Карпушонак абвергнуў, абвінаваціўшы яе ў супрацы са спецслужбамі. На чыім баку праўда ў гэтай гісторыі цяпер будзе вырашаць польскі суд, куды і Латушка, і Карпушонак падалі заявы адзін на аднаго.
Вольга пакуль ідзе наперадзе — яе справу 29 снежня пракуратура варшаўскага района Макотуў прыняла да разгляду. Але гэта яшчэ не значыць, што там нешта знайшлі па сутнасці.
Медыйны скандал вакол варшаўскага канцэрта Макса Каржа
Жнівеньскі канцэрт мегапапулярнага беларускага музыкі Макса Каржа ў Варшаве мог запомніцца рэкорднай хуткасцю раскупленых квіткоў на стадыёне — прыкладна 80 тысяч месцаў разабралі літаральна за шэсць дзён. Ці спрэчкамі ў вузкім коле інтэлігенцкага асяродку, ці варта лічыць рускамоўную музыку і спевака здабыткам беларускай культуры (спойлер — варта, пры ўсёй павазе да пазіцыі рэпера Вінсэнта).
Але ў гісторыю канцэрт трапіць праз хуліганскія выхадкі фанатаў за дзень і падчас канцэрта, якія імгненна разнесліся па польскіх медыя. Гэтым адразу ж скарыстаўся ўрад прэм’ер-міністра Дональда Туска, падыграўшы нарастаючым антыімігранцкім настроям у польскім грамадстве.
Як вынік — за сутычку з аховай стадыёна ўлады Польшчы вырашылі дэпартаваць з краіны 63 чалавекі: 57 украінцаў і шэсць беларусаў. Большасць з іх выехала самастойна, кагосьці прымусова выслалі, а адзінкі з пацярпелых падалі апеляцыю на рашэнне ўладаў.
Сам Корж не стаў каментаваць скандал і ўпісвацца за фанатаў, што не ўратавала яго вераснёўскі канцэрт у Алматы ад адмены. Казахстанскія ўлады, гледзячы па ўсім, спужаліся наступстваў нашэсця фанатаў Каржа і вырашылі адмяніць падзею, грошы за якую дагэтуль вярнулі далёка не ўсім пакупнікам квіткоў.