Андрэй Стрыжак і няпрошаныя дзікпікі

Кіраўніка фонду BYSOL абвінавачваюць у рассыланні дзікпікаў / Euroradio
Кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак высылаў беларускім актывісткам і праваабаронцам дзікпікі (фатаграфіі свайго палавога члена). Некалькі фем-актывістак пацвердзілі Еўрарадыё, што ведаюць пра сітуацыю. Ім вядома пра як мінімум сем падобных кейсаў.
Дзве дзяўчыны (іх імёны мы змянілі) распавялі Еўрарадыё пра свой досвед атрымання няпрошаных фота і тое, што было потым. У рэдакцыі ёсць скрыншоты паведамленняў.
Еўрарадыё звярнулася да Андрэя Стрыжака па каментар. Ён сказаў, што пракаментуе пасля чытання артыкула (UPD: каментар з'явіўся неўзабаве пасля публікацыі, чытайце тут).

"Мужы прыходзяць і сыходзяць, а Стрыжак застаецца"
Прадстаўніца грамадзянскага сектара Аліна пазнаёмілася са Стрыжаком у 2023 годзе. Яна кажа, што адразу адчула ад яго "вайб", які ўспрымала як форму лёгкай камунікацыі зручнай у супрацоўніцтве.
"Ужо потым ён пачаў рабіць кампліменты, маўляў, ты прыгожая. Я яму сказала, што я не вольная. А ён: "Не хвалюйся: мужы прыходзяць і сыходзяць, а Стрыжак застаецца". І гэта быў намёк, што ён у ролі вечнага палюбоўніка адчувае сябе добра".
Дзяўчына тады звярнула ўвагу на яго сямейны статус, што ён жанаты і мае маленькае дзіця, і перавяла яго флірт на жарт.
Ён перыядычна запрашаў Аліну на піва. Дзяўчына кажа, што ніколі не сустракалася з ім сам-насам.
"Максімум, куды нашы адносіны заходзілі, — гэта сяброўская зона, дзе мы абменьваліся паведамленнямі ў сацсетках".
У нейкі з дзён дзяўчына дзяўчына праводзіла час са сваім хлопцам, пра што ведаў Стрыжак, і яна атрымала ад Андрэя фатаграфію.
"Я яго назвала бірпік [на фота, якое паказала Еўрарадыё гераіня, геніталіі часткова прыкрытыя слоікам піва — рэд.]. Мяне ператрэсла, калі я пра гэта цяпер успомніла. І ён палез у маё асабістае жыццё. Я ўжо не кажу пра тое, што я тады вельмі стрэсанула, не дай бог гэта ўбачыць мой хлопец. Я не ведала, як сябе ў такой сітуацыі паводзіць. Я не давала падставы, каб такое мне дасылаць, але як я буду за гэта апраўдвацца перад маім маладым чалавекам?”

Аліна тады яму адказала, што такія паведамленні нельга высылаць жанчынам без іх згоды.
Пры гэтым, кажа Аліна, што адначасова з ёй фота ад Стрыжака нібыта атрымалі яшчэ дзве актывісткі.
Аліна цяпер ужо разумее, што тое, што спачатку здавалася "адкрытымі прафесійнымі зносінамі" — аказалася "заходам на падкат".
“Гэта не адзіная сітуацыя, калі мужчыны з дэмсілаў спрабавалі прачэкаць мой статус: вольная або занятая. Але ў іншых выпадках гэта не заходзіла за мае асабістыя межы і маю адмову ўспрымалі нармальна. Я тут не магу мець прэтэнзіі, усе мы кагосьці шукаем. Але ў гэтай сітуацыі я лічу, што мая персанальная зона была парушаная. Калі б я магла перапісаць мой адказ, я б адказала больш жорстка, дала б зразумець, што гэта абсалютна непрымальна для чалавека з такім статусам.
Мне было непрыемна, гэта пакінула асадак на доўгі час. Гэта ўплывае на лібіда, на сэксуальную блізкасць, на давер да мужчын. Мне трэба было некалькі дзён, каб прыйсці ў сябе і прапрацаваць гэта з псіхолагам. Я адчувала сябе так, быццам я здраджваю свайму хлопцу, быццам я несумленная, хоць я толькі атрымала гэтае фота, але нічога не выслала, дакладна не прасіла яго мне высылаць і не давала для гэтага ніякай падставы".
Аліна звяртае ўвагу на тое, што не кожная дзяўчына вырашыцца расказаць пра такія выпадкі, рызыкуючы трапіць пад ціск ці звальненне. На думку дзяўчыны, ён можа карыстацца сваім статусам у дэмсілах у адносінах з актывісткамі.
“Ён стварае вобраз незаменнасці. Але гэта ж арганізацыя, у якой працуюць дзясяткі людзей, там ёсць свае лідары, прыстойныя і годныя супрацоўнікі. Калі параўнаць, сацсеткі іншых арганізацый развітыя нашмат лепш, чым прыватныя сеткі іх лідараў. У BYSOL, наадварот, — галоўнай крыніцай інфармацыі з'яўляецца асабісты профіль Андрэя Стрыжака, а не арганізацыі. Гэта ёсць яго абарона, маўляў, калі вы мяне ссунеце, то не будзе BYSOL, а гэта не так. Усе донары хочуць, каб арганізацыі былі ўстойлівымі, а ён гэтаму, атрымліваецца, супярэчыць. Такім чынам выходзіць, што чалавек спрабуе апраўдаць любыя непрыстойныя рэчы, прыкрываючыся важнай місіяй BYSOL, — гэта як мінімум несумленна ў адносінах да годных супрацоўнікаў дадзенай арганізацыі, якія выконваюць штодзённую важную тэхнічную працу. Бо галоўная функцыя BYSOL — гэта дапамога людзям, а не нанясенне псіхалагічных траўмаў яе лідарам іншым людзям".
"Я цяпер не магу працаваць з арганізацыяй, якую лічу класнай"
Актывістка Ганна распавяла Еўрарадыё, што першы кантакт з Андрэем Стрыжаком быў не так даўно. Яны пазнаёміліся падчас аднаго з мерапрыемстваў.
"Мы дамовіліся пасля івэнту схадзіць куды-небудзь: пагаварыць, пазнаёміцца, абмеркаваць нейкія працоўныя пытанні, таму што мая праца перасякаецца з яго працай. Гэта значыць, у мяне быў запыт у сяброўскай форме і даволі відавочны для мяне".
Але, мабыць, гэты запыт быў зчытаны ім інакш. Яны сустрэліся ў бары і пасля пачалі размаўляць не толькі на працоўныя тэмы.
"Пазней размаўлялі проста пра жыццё, пра гісторыю Беларусі, гэта значыць, на многія тэмы. У гэтым не было нічога з сэксуальным падтэкстам з майго боку. Я не спрабавала яго неяк прыцягнуць ці, умоўна кажучы, падкаціць. Але ён пачаў неяк выводзіць мяне на сэксуальныя тэмы, пытацца ў мяне пра мае сэксуальныя адносіны, пра мае адносіны з людзьмі, ці ёсць у мяне партнёры і іншае. Каб яго не пакрыўдзіць, я пачынала казаць пра іншае.
Увечары, калі я была ўжо дома, ён проста выслаў мне відэа і фота з членам".
Пасля гэтага Ганна не адказвала на яго паведамленні.

“Я проста не разумею матывацыі. У мяне гэта выклікае агіду. Я ў цэлым не прашу дзікпікі, але калі я яго яшчэ і не прасіла, гэта проста нейкае ўварванне ў маю асабістую прастору. Для мяне гэта як прыніжэнне маёй асабістай годнасці. Я адчуваю сябе прыгнечанай і разгубленай. Хочацца проста выключыць тэлефон, паляжаць і паглядзець серыялы".
Праз некалькі месяцаў Андрэй Стрыжак зноў пачаў ёй пісаць, прапаноўваць сустрэцца, успамінае Ганна.
“Я напісала яму, што мне такі фармат камунікацыі не акей, давай мы гэта абмяркуем. Я яму сказала, што мне гэта было некамфортна, непрыемна. Але ён працягнуў мне дасылаць паведамленні ў тоне, такі быў цудоўны вечар, я хачу пагладзіць твае валасы — гэта значыць такога плану паведамленні, якія былі проста гіпернекамфортныя, я на іх не адказвала некалькі месяцаў, але ён усё роўна працягваў пісаць".
Ганна дадае, што падчас той асабістай сустрэчы Стрыжак распавядаў ёй пра свае адносіны з жонкай, пра растанне з ёй, пра агульных дзяцей. Па адчуваннях суразмоўніцы, ён "спрабаваў стварыць уражанне, што ён свабодны партнёр".
"Можа, я не была рэзкай, я не хацела пакрыўдзіць чалавека. Я спрабавала пазначыць сваю пазіцыю як мага больш зразумела, і мне здаецца, я даволі ясна гэта зрабіла. Думаю, што нават факт, што я не адказвала на паведамленні некалькі месяцаў, павінен быў даць зразумець, што я не вельмі настроена на такога роду камунікацыю", — кажа Ганна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.