Экс-палітвязня абвінавацілі ў хатнім гвалце. Яго жонка лічыць гэта паклёпам

Ілюстрацыя хатняга гвалту

Ілюстрацыя хатняга гвалту / Daniil Dubov / iStock / Getty Images Plus via Getty Images

Сяргея Моніча, былога палітвязня з Беларусі і палітычнага эмігранта, які зараз жыве ў Варшаве, абвінавацілі ў хатнім гвалце і крадзяжы асабістых рэчаў. Зрабіла гэта яго былая сужыцельніца — грамадская актывістка Анастасія (поўнае імя і прозвішча асобы ёсць у распараджэнні рэдакцыі). У сваю чаргу, жонка Моніча і маці яго дзвюх дзяцей Анастасія Несцяровіч, якая зараз жыве ў ЗША, сцвярджае, што гэтыя абвінавачанні — паклёп, і яны з мужам збіраюцца падаваць у суд.

Еўрарадыё разбіралася ў гэтай няпростай гісторыі. 


“Я ўпала і змагла толькі адпаўзці ў шоку і скамянець”

У канцы траўня з’явіўся канал з экстравагантнай назвай “Прашмандоўцы рускай эміграцыі”, адразу атрымаўшы медыйны рэзананс. Яго невядомыя стваральніцы посцяць у ім дасланыя ад сваіх падпісантаў і падпісантак гісторыі аб мужчынах, якія дрэнна абыходзяцца з жанчынамі. Акрамя ананімнасці і гендернай сфакусаванасці, асаблівасцю праекта стала тое, што інфармацыя ў ім перад публікацыяй амаль не правяраецца.

Сярод апублікаваных гісторый з’явіўся пост пра Сяргея Моніча. У ім невядомая дзяўчына пераказвае ўласны вопыт паўгадовага сумеснага пражывання з былым палітвязнем, з якім яна раней была знаёма. Згаданыя ніжэй падзеі адбываліся з вясны па восень 2024 года.

Экс-палітвязня абвінавацілі ў хатнім гвалце. Яго жонка лічыць гэта паклёпам
Фотаздымак з паста, прысвечанага Сяргею Монічу / Тэлеграм-канал "Прашмандоўцы рускай эміграцыі"

“Спачатку ўсё было цудоўна — быў клапатлівым, быў апорай. Але гэта толькі здавалася. Як высветлілася, на момант нашых адносін ён усё яшчэ быў у адносінах з (былой?) жонкай, з якой у яго двое дзяцей. Яна жыве ў Амерыцы, ён планаваў паехаць да іх у госці. Мне хлусіў, што ёй пра ўсё расказаў, маўляў, толькі майго імя не назваў. Цяпер высветлілася, што яна ўвогуле не ведала, што ён з кімсьці быў”, — піша аўтарка.

Жанчына расказвае, што цярпела ад Моніча эмацыйны аб’юз і хатні гвалт.

“Аднойчы <...> ён заціснуў маё плячо ў дзвярным праёме і разоў дзесяць з усяе сілы хлопаў дзвярыма. Я думала, што застануся з пераломам локця — я была ў шоку і, здаецца, нават апісалася ад болю і страху. Калі ён перастаў ціснуць — раптоўна адчыніў дзверы і штурхнуў мяне ў сцяну. Я ўпала і змагла толькі адпаўзці ў шоку і скамянець. Пералому, дзякуй Богу, не было, але ўдар і сінякі былі страшэнныя, ёсць фота”, — ўзгадала аўтарка той выпадак.

Наступным выпрабаваннем стала падсяленне ў кватэру, дзе жыла жанчына і Моніч, яшчэ адной дзяўчыны, што зноў стала нагодай для скандалу.

“Калі яна (па маёй ініцыятыве) была вымушаная з'ехаць — ён распачаў мне пекла. Ён крычаў, лаяўся, зневажаў, штурхаў і цягнуў мяне. Я спрабавала ўцячы — то проста ў пад'езд, каб уздыхнуць, то ў двор, бо было страшна да жаху. Сустрэла суседку, яна вырашыла мне дапамагчы. Прапанавала забраць маіх двух катоў і мой тэлефон і пераначаваць у яе. Мы пайшлі ў кватэру. Але ён сказаў ёй (па-польску, я дрэнна размаўляю, але ўсё разумею), што я проста п’яная і злавіла “белую гарачку”, усё прыдумала — і, на жаль, суседка паверыла. І пакуль я шукала другога ката, яна сышла”.

Пасля гэтага выпадку Моніч выгнаў дзяўчыну з кватэры, якую арэндаваў.

Экс-палітвязня абвінавацілі ў хатнім гвалце. Яго жонка лічыць гэта паклёпам
Дадатковы скрыншот да паста пра Сяргея Моніча / Тэлеграм-канал "Прашмандоўцы рускай эміграцыі"

“Я з'ехала, але пакінула ў кватэры свае рэчы коштам прыкладна 3,5 – 4 тысяч еўра  — якія ён без майго ведама і дазволу “аддаў у касцёл для ўцекачоў”. Доўгім шляхам, але цяпер я жыву ў прытулку для жанчын, што пацярпелі ад гвалту, і праходжу тэрапію, лячу комплекснае посттраўматычнае стрэсавае засмучэнне”.

Дзяўчына кажа, што падала заяву ў паліцыю, дзе заведзена крымінальная справа адносна пабояў, і будзе пададзена яшчэ адна — адносна рэчаў.

 

“Добрая актрыса, якая ведае, на што ціснуць і як правільна потым выехаць”

Каб даць слова іншаму боку, Еўрарадыё звярнулася за каментарамі да Сяргея Моніча. 

Паралельна крыніцы з праваабарончых колаў пацвердзілі, што былы палітвязень зараз жыве ў Варшаве і працуе кіроўцам. Беларус шукае магчымасці ўз’яднацца з сям’ёй — яна знаходзіцца ў ЗША, дзе атрымала легалізацыю па грын-карце. 

Сяргею ўжо двойчы адмовілі ў амбасадзе ЗША ў Чэхіі і Варшаве, праз крымінальны пераслед у Беларусі ў 2020 годзе. Мужчына праходзіў па наступных артыкулах: “За абразу прадстаўніка ўлады”, “Хуліганства”, “Незаконны абарот наркатычных сродкаў без мэты продажу”.

На сувязь з намі выйшла жонка Сяргея Анастасія Несцяровіч, якая распавяла сваю версію гісторыі. Паводле яе слоў, Сяргей цяпер на выездзе, і разбіраецца ў справе яна самастойна.

Экс-палітвязня абвінавацілі ў хатнім гвалце. Яго жонка лічыць гэта паклёпам
Анастасія Несцяровіч / Фэйсбук-акаўнт суразмоўніцы

Анастасія распавяла, што аўтаркай паста ў тэлеграм-канале з’яўляецца мінчанка Анастасія, якая да 2020 года займалася грамадскімі ініцыятывамі з фемінісцкім зместам. Яна ўжо раней, у снежні 2024 года, распавядала аналагічную гісторыю выданню MOST Media, але тады асоба Моніча ў тэксце не фігуравала. Тое, што яна суаўтарка тэкста, дзяўчына сама распавяла на сваёй старонцы ў фэйсбуку. 

“Праўда ў тым, што яны сапраўды жылі сумесна ў адной кватэры, у розных пакоях. Сяргей пусціў яе да сябе пасля таго, як яна прыехала з Літвы да свайго былога хлопца, які не пусціў яе да сябе, бо жыў з іншай дзяўчынай. <...> Яна распавяла гісторыю, што у яе скралі дакументы, але аказалася, што дакументы не кралі. І яна павінна жыць у Літве, паколькі яе бацькі там жывуць. Але ў яе мэта — застацца ў Польшчы”.

Анастасія падцвярджае, што у Моніча і актывісткі былі інтымныя адносіны, пра якія яна не ведала.

“Чаму я зараз хачу разабрацца ў гэтай сітуацыі, як мне жыць далей і што рабіць <...> Каб яна была яго дзяўчынай — такога не было. Яны не сустракаліся, жылі ў розных пакоях. Пра маё існаванне яна добра ведала, усе сябры пра нас ведалі. А пра тое, што яна жыла ў яго, яны як раз не ведалі — ён заўсёды тусаваўся без яе ”, — тлумачыць суразмоўніца. 

Па словах Несцяровіч разлад наступіў, калі Моніч прапанаваў Анастасіі пачаць плаціць за жытло альбо з'язджаць.

Экс-палітвязня абвінавацілі ў хатнім гвалце. Яго жонка лічыць гэта паклёпам
Cкрыншот загалоўка тэксту выдання Most.media, у якім фігуруе вельмі падобная гісторыя, што і ў пасце тэлеграм-канала "Прашмандоўцы рускай эміграцыі" пра Сяргея Моніча / Еўрарадыё

“Яна пачала яго пужаць тым, што яна распавядзе пра іх сувязь. Што ён павінен ёй плаціць грошы, яе забяспечваць. То бок выцягвала грошы з яго такім чынам, жыла за яго рахунак”. 

Сам Моніч, па словах яго жонкі, у снежні 2025 года павінен быў прыехаць у ЗША. Несцяровіч перамагла ў палітычным судзе і чакала ўсе дакументы, каб Сяргей мог пераехаць для ўз'яднання сям’і.        

“Ён пачаў ёй казаць, маўляў, Наста табе трэба з’язджаць альбо вяртацца да сваякоў у Літву. Яна адказвала, што не можа, бо яе бацька аб’юзер, усе аб’юзеры і ёй няма дзе жыць”.

Менавіта ў той момант у кватэру прыязджае знаёмая Моніча і Несцяровіч, якая чакала дакументы, каб пераехаць у Германію.

“Яна, пабачыўшы гэта ўсё, была ў поўным шоку. Казала “Сяргей, што ты робіш? Давай даму высяляй”. Тая ладзіць гістэрыку, знаёмая з’язджае. Наступным ранкам Сяргей будзіць яе, выплеснуўшы шклянку вады ёй у твар, і патрабуе, каб яна з’ехала, бо выклікае паліцыю”. 

Анастасія сапраўды тады з’ехала з кватэры, там засталася частка яе рэчаў. 

“Праз месяца два яна яму патэлефанавала і папрасіла грошай пад пагрозай, што яна ўсё мне распавядзе [пра іх стасункі]. Ён ёй заплаціў. Потым яна яму зноў напісала пра грошы. Па выніку ён не вытрымаў і пад Новы [2025] год усё распавёў пра іх”.

Экс-палітвязня абвінавацілі ў хатнім гвалце. Яго жонка лічыць гэта паклёпам
Сяргей Моніч і Анастасія Несцяровіч з дзецьмі / Праваабарончы цэнтр "Вясна"

Несцяровіч паспрабавала звязацца з Анастасіяй, але тая не стала кантактаваць. Выявілася, што яны былі таксама даўно знаёмыя, яшчэ да эміграцыі — Анастасія раней сустракалася з адным з сяброў Моніча. 

Праз агульных знаёмых Анастасія распавяла, што падала на Моніча пазоў у паліцыю. Каб абараніцца, а таксама скласці сустрэчны пазоў на паклёп, ён і Несцяровіч нанялі адваката

“Але падаць заяву мы не маглі, бо раней Анастасія агучвала гісторыю без згадвання свайго і Сяргея прозвішчаў. Фіктыўная гісторыя, пра якую няма што распавядаць. Праз некалькі месяцаў, у сярэдзіне сакавіка, яна даслала Сяргею ліст, каб ён вярнуў ёй яе рэчы, якія яна пакінула ў кватэры, альбо кампенсаваў ёй 3 тысячы еўра за іх, інакш яна падасць на яго ў суд. Хаця яе сябры прыходзілі і забіралі яе рэчы раней, а іншыя Сяргей проста перадаў”.

У тым лісце, па словах Несцяровіч, нідзе не было сказана, што ён яе збіваў ці псіхалагічна аб’юзіў.

“Наш адвакат даслаў ёй пісьменна складзены ліст, што ніякіх грошай ёй ніхто плаціць не стане. А потым, праз некалькі тыдняў, прыходзіць ліст, што Анастасія як дзяўчына Моніча, падалася на Blue Card, каб застацца ў Польшчы. Сяргей хадзіў да камісараў і тлумачыў, што ніякага дачынення да яе не мае і яна яго дзяўчынай не з’яўляецца”.

У чэрвені Несцяровіч і Моніч даведаліся пра артыкул на Most.media і пост у “Прашмандоўцах рускай эміграцыі”.

Экс-палітвязня абвінавацілі ў хатнім гвалце. Яго жонка лічыць гэта паклёпам
Скрыншот паведамлення Сяргею Монічу аб вяртанне рэчаў Анастасіі / Еўрарадыё

“Мы ўсё гэта пераслалі адвакату, і цяпер можна хоць за нешта зачапіцца адносна распаўсюджвання непраўдзівай інфармацыі, бо ў пасце апублікавана фота і дадзеныя пра Сяргея. Хаця там не змешчана яе імя, але ў нас ёсць сведкі, якія пацвердзяць у судзе, што гэта менавіта яна распаўсюджвала гэту інфармацыю”.

Суразмоўніца падкрэслівае, што фактаў гвалту і крадзяжу рэчаў не было, і што заяў аб заведзеных па гэтых выпадках спраў у паліцыі яны не атрымалі.

“Уся гэтая гісторыя цягнецца з восені мінулага году. Калі б заява ў паліцыю была пададзена, мы б пра гэта дакладна даведаліся. <...> Паколькі ў яе няма дакументаў і легалізацыі ў Польшчы, магчыма, што нашу заяву паліцыя не прыме”.

Анастасія Несцяровіч у разгубленасці — навошта Анастасія ўсё гэта піша.  

“Шчыра, я не разумею, што яна робіць. Я нават учора сваім сябрам пісала са спробай разабрацца, бо калі пачнецца разбіральніцтва, уся гэта хлусня вылезе вонкі. Нават у артыкуле, які апублікаваў Most, і пасце з Тэлеграма апісаная ёй гісторыя не супадае па фактах. Наш адвакат кажа, што гэта ўяўны прызнак няўпэўненай хлусні і скажэння фактаў.<...> 

У нас ёсць сведчанні іншых людзей: дзяўчыны, у якой Анастасія жыла, пакуль яна не папрасіла яе з’ехаць і, каб ёй дапамагчы, аформіла збор. Але атрыманыя грошы Анастасія выдаткавала на іншыя рэчы. І пісала пра гэта публічны пост прыкладна паўтары гады таму. <...> Яна таксама судзілася яшчэ ў Беларусі са сваім былым хлопцам, дыджэям, які таксама гатовы стаць сведкам у нашай справе. <...> То бок, хто яна такая — ведаюць усе з яе і нашага кола знаёмых. 

Экс-палітвязня абвінавацілі ў хатнім гвалце. Яго жонка лічыць гэта паклёпам
Скрыншот ліста адваката Сяргея Моніча і Анастасіі Несцяровіч у адрас Анастасіі / Еўрарадыё

Жанчына не хоча, каб іх супольныя з Сяргеям дзеці пазней чыталі артыкулы, што іх бацька некалі збіў невядомую жанчыну. 

“Грашовыя кампенсацыі, кампенсацыі маральнай шкоды нам не патрэбныя. <...> Я не магу зразумець, ці ў яе сапраўды праблемы з галавой, як яна піша ў пасце, ці яна добрая актрыса, якая ведае, на што ціснуць і як правільна потым выехаць”.

Камунікацыю наконт канфлікту Анастасіі Несцяровіч з Анастасіяй падцвярджаюць матэрыялы, якія прадставіла Анастасія Несцяровіч (перапіска, ліст ад Анастасіі з вопісам яе рэчаў) — усё гэта ёсць у распараджэнні рэдакцыі.

Мы звярнуліся за каментаром да Анастасіі. Дзяўчына праглядзела паведамленне, але нічога не адказала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.