У мінскай краме прадавалі кеды з палітычнай абрэвіятурай
Кеды з абрэвіятурай АСАВ / "Мегатоп"
На мінскую краму "Мегатоп" склалі пратакол за "распаўсюд экстрэмісцкай сімволікі", паведаміў ГУБАЗіК. Нагодай сталі кеды з абрэвіятурай АСАВ.
16 лютага стала вядома, што ў абутковай краме "Мегатоп" з'явіліся кеды з такой абрэвіятурай. Абвестка з'явілася на сайце крамы. Літары ACAB былі намаляваныя ў стылі графіці. Было пазначана, што гэтыя кеды — навінка. Прадаваліся яны ад 49,69 да 54 рублёў.
Англійскую абрэвіятуру ACAB расшыфроўваюць як "all cops are bastards" (усе копы — выб...кі"). Асаблівай папулярнасцю гэтай абрэвіятура карыстаецца ў анархістаў, футбольных фанатаў і скінхэдаў.
Прапагандысты ("Желтые сливы", Азаронак) публічна абурыліся такім таварам. Праз паўгадзіны пасля іх пастоў кеды знялі з продажу.
Пазней ГУБАЗіК паведаміў у сваім канале, што тавар зняты з продажу, а на юрыдычную асобу, якой належаць крамы "Мегатоп", склалі пратакол. Кампаніі пагражае штраф да 500 базавых велічынь (22 500 рублёў). Таксама ГУБАЗіК заявіў пра "адпаведныя аргвысновы" для "Мегатопа".