BELPOL склаў спіс беларускіх кампаній, якія спрыяюць расійскай агрэсіі
"Планар" трапіў у спіс прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію / ctv.by
Арганізацыя былых сілавікоў BELPOL склала спіс беларускіх кампаній, якія спрыяюць расійскай агрэсіі ва Украіне — прама ці ўскосна.
"У спіс уключаныя прадпрыемствы і структуры, па якіх завершаны збор доказаў. Уся сабраная інфармацыя ўжо перададзеная партнёрам у Еўрапейскім Саюзе, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі і Украіне — для ініцыявання санкцыйных працэдур і прыняцця абмежавальных мер", — адзначаюць у BELPOL.
У пералік трапілі не толькі вытворцы зброі і боепрыпасаў для Расіі. У яго ўвайшлі таксама арганізацыі, задзейнічаныя ў абыходзе санкцый: яны забяспечваюць пастаўкі камплектуючых, лагістыку і фінансавае суправаджэнне для прадпрыемстваў, якія выпускаюць узбраенне для краіны-агрэсара. Таксама ў спіс увайшлі і банкі, праз якія праводзяцца разлікі за закупку дэталяў і тэхналогій ды фінансуецца стварэнне і пашырэнне вытворчасцяў ваеннай прадукцыі.
У першую частку, апублікаваную сёння, уключаныя 120 прадпрыемстваў і кампаній. Сярод іх такія вядомыя, як Мінскі завод колавых цягачоў, БелАЗ, "Планар", Гандлёвы дом "Інтэграл", Беларускі металургічны завод ды іншыя.