"Мы ўсё яшчэ жывем у патрыярхальным свеце": Міцкевіч пра рассылкі дзікпікаў

Юлія Міцкевіч / Heinrich Boell Foundation
Кіраўнік ініцыятывы "Байсол" Андрэй Стрыжак без згоды адпраўляў свае адкрытыя фатаграфіі актывісткам і жанчынам-праваабаронцам. Пасля публікацыі тэксту Еўрарадыё, актывіст хутка адрэагаваў — і прынёс прабачэнні ў сваіх сацыяльных сетках.
Мы спыталі ў кіраўніцы каманды па гендарнай роўнасці Аб'яднанага пераходнага кабінета Юліі Міцкевіч, ці была ў яе інфармацыя пра выпадкі харасмента з боку Андрэя Стрыжака.
"Мне нічога не было вядома пра выпадкі з фота, якія адпраўляў Андрэй Стрыжак, пакуль вы мне пра гэта не распавялі. Мне шчыра шкада жанчын, якім давялося з гэтым сутыкнуцца. Такое не павінна здарацца ні з кім. Ніхто не мае права рабіць нешта з сэксуальным падтэкстам без актыўнай згоды другога боку.
Таму калі пацярпелыя гатовыя адкрыта пачаць пра такія выпадкі казаць — гэта вельмі добра і правільна, паколькі дае магчымасць для салідарнай падтрымкі, сіл і рэсурсаў, а таксама іншым жанчынам перастаць замоўчваць і прад'явіць усе імёны і ўсе гісторыі".
Суразмоўца ўдакладніла, што чуткі ходзяць пра розных мужчын і розныя кейсы харасмента ў дэмакратычнай супольнасці.

“І трэба шмат намаганняў з розных бакоў, каб зрушыць нарэшце гэта ўсё з мёртвай кропкі. І апублікаванне хаця б аднаго выпадку стварае прэцэдэнт, каб пачаць праблему абмяркоўваць, а затым і вырашаць".
Міцкевіч удакладніла, што інфармацыя пра харасмент збіраецца цяпер таксама ў межах кампаніі "Сексуалізаваны харасмент у грамадзянскай супольнасці ў эміграцыі", якую з мінулага года праводзіць Прававая ініцыятыва сумесна з праваабаронцай Настай Базар.
“Яны робяць вялікую працу па распрацоўцы дакумента, мэта якога сфармуляваць прынцыпы стварэння бяспечнага, вольнага ад сэксуалізіраванага харасмента прасторы ўнутры арганізацый. Таму што калі не выпрацаваны і не замацаваны выразныя працэдуры і нормы па супрацьдзеянні харасменту, гэта ўжо праблема. Няма стандартаў, што рабіць у сітуацыях, калі дамаганні адбываюцца. Незразумела, як абараніць пацярпелых і як не дапусціць падобных выпадкаў у будучыні. Не наладжаны маніторынг выканання гэтых правілаў, няма наступстваў для тых, хто здзяйсняе харасмент, няма мер пакарання і прафілактычнай працы. У такіх умовах проста казаць пра гэта — недастаткова і не працуе ў доўгатэрміновай перспектыве.
<...> І пацярпелая таксама не захоча пра гэта распавядаць, таму што няма прэцэдэнтаў, і невядома, як мужчына, які валодае ўладай, можа ёй нашкодзіць, калі яна пачне казаць", — падкрэсліла суразмоўца.

У Беларусі пытанні злоўжывання ўладай у цэлым і ў выпадках дамаганняў, у прыватнасці, усё яшчэ мала абмяркоўваюцца публічна. Хоць паступова сітуацыя мяняецца ў лепшы бок.
“Такія сітуацыі абмяркоўваюцца часцей, чым раней. Гэта выходзіць вонкі, становіцца вядомым. З'яўляецца маркерам рэпутацыі таго ці іншага чалавека. Нават калі інстытут рэпутацыі працуе ў нас слаба, гэта мае значэнне. Успомнім, як прыклад, выпадак Сяргея Сялецкага, выкладчыка ЕГУ. Так, яго па рашэнні суда аднавілі ва ўніверсітэце, але ўсе расказаныя пацярпелымі гісторыі пра дамаганні з яго боку нікуды не зніклі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.