Беларускага спевака дадалі ў базу "Міратворца" пасля паездкі ў Крым

Віталь Артыст / Еўрарадыё
Беларускі спявак Віталь Артыст, франтмэн гурта "Без Білета", трапіў у базу ўкраінскага сайта "Міратворац". Там збіраюць інфармацыю пра меркаваных "прарасійскіх тэрарыстаў, сепаратыстаў, наймітаў, ваенных злачынцаў і забойцаў".
Як паведамляецца на сайце, музыку ўнеслі ў базу за "публічную падтрымку расійскай агрэсіі і забойстваў грамадзян Украіны", "замах на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны" і "свядомае парушэнне дзяржаўнай мяжы Украіны з мэтай пранікнення на яе тэрыторыю".
Нагодай для ўнясення ў базу "Міратворца" стаў ролік музыкі ў TikTok. Віталь Артыст расказаў у ім пра сваю паездку ў Крым. Ён заявіў, што выбраў Крым, бо ў Еўропу ездзіць значна цяжэй, і пацікавіўся ў падпісчыкаў, ці не "зашквар" ездзіць у Крым.
Украінскі паўвостраў быў акупаваны Расіяй у 2014 годзе. Усіх, хто прыбывае на яго з расійскай тэрыторыі, украінскі бок лічыць парушальнікамі мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.