У Кіеве затрымалі агента, які працаваў на спецслужбы РФ і РБ

Затрыманы за шпіянаж кіяўлянін

Затрыманы за шпіянаж кіяўлянін / СБУ

У Кіеве Служба бяспекі Украіны затрымала агента, які адначасова працаваў на расійскія і беларускія спецслужбы.

Паведамляецца, што для Памежнага камітэта Беларусі ён шпіёніў за лакацыямі Сіл абароны, а па ўказаннях з Расіі карэктаваў атакі па энергааб'ектах сталічнага рэгіёну. На аснове яго інфармацыі расійскія войскі спадзяваліся вывесці са строю ключавыя энергетычныя прадпрыемствы, якія ацяпляюць большую частку жылога фонду і сацыяльнай інфраструктуры Кіева.

У СБУ сцвярджаюць, што спачатку агент назіраў за перыметрам адной з кіеўскіх ЦЭЦ з акна ўласнай кватэры. Потым ён праводзіў разведку каля гэтага аб'екта, каб высветліць тэхнічны стан пасля нядаўніх абстрэлаў Кіева. Сабраную інфармацыю мужчына дасылаў варожым спецслужбам.

"У выпадку выканання заданняў ён разлічваў на далейшую "эвакуацыю" за межы Украіны. Для гэтага падрыхтаваў тактычны заплечнік з рэчамі першай неабходнасці, якія планаваў выкарыстаць падчас нелегальнага перасячэння мяжы. Зрэшты, супрацоўнікі СБУ загадзя выкрылі намеры зламысніка і затрымалі яго па месцы жыхарства ў Кіеве. Адначасова былі праведзены мерапрыемствы для забеспячэння лакацый патэнцыйных "цэляў", — гаворыцца ў паведамленні СБУ.

Паведамляецца, што затрыманы мужчына — мясцовы рознарабочы. Расійскія і беларускія спецслужбісты завербавалі яго праз тэлеграм-каналы, дзе ён публікаваў пракрамлёўскія каментары.

Цяпер яго вінавацяць у дзяржаўнай здрадзе, мужчыну пагражае пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці.

У Кіеве затрымалі агента, які працаваў на спецслужбы РФ і РБ
У Кіеве затрымалі мужчыну, які працаваў на расійскія і беларускія спецслужбы / СБУ

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.