Розніца — да 50%. Як змяніліся цэны ў Беларусі за год
Цэны ў Беларусі / sb.by
Большасць тавараў падаражэла, але ёсць і такія, што патаннелі.
Цэны ў Беларусі растуць не па днях, а па гадзінах. А ўлады заяўляюць, што гадавая інфляцыя складае не больш за 7%. Дык як жа насамрэч змяніліся цэны на харчовыя прадукты за год? Еўрарадыё параўнала.
Як змяніліся цэны на мяса?
У студзені 2025 года кілаграм ялавічыны каштаваў 11,62 рубля. За год яна падаражэла на 1,84 рубля і цяпер каштуе 13,46 рубля. Рост за год — 15%.
На 2,09 рубля падаражэла свініна — з 15,49 рубля да 17,58 рубля (рост — 13,5%).
Цана на курыцу падрасла на 4,4% — з 6,38 рубля ў 2025 годзе да 6,66 рубля ў 2026 годзе.
Дзясятак курыных яек стаў даражэйшы амаль на 6% і цяпер каштуе 3,71 рубля. Год таму яго кошт быў 3,53 рубля.
Наколькі падаражэла “малочка”?
Цана на малако за год вырасла на 10,6%. Калі летась літр у сярэднім каштаваў 2,16 рубля, то сёлета за яго давядзецца заплаціць ужо 2,39 рубля.
Смятана таксама прыкметна вырасла ў цане. Калі ў 2025 годзе кілаграм каштаваў 7,73 рубля, то цяпер — 8,51 рубля. Рост склаў 10,1%.
Кілаграм сметанковага масла летась можна было набыць за 23,90 рубля, цяпер яно каштуе 25,89 рубля. Падаражанне склала 8,3%.
Колькі каштуюць гародніна і садавіна?
Цэна на бульбу амаль не змянілася. За год яна нават знізілася на 0,9% — з 1,17 рубля да 1,16 рубля.
Моцна падаражэла капуста — з 1,26 рубля да 1,43 рубля, або на 13,5%.
Морква ў студзені 2025 года каштавала 1,23 рубля, а ў студзені 2026-га — 1,34 рубля. Рост склаў 8,9%.
А вось памідоры патаннелі на 15,1% — з 11,6 рубля за кілаграм да 9,48 рубля.
У студзені 2025-га кілаграм яблыкаў можна было набыць за 3,04 рубля, а сёння цана складае 4,6 рубля. Рост — 50%.
На 11,5% падаражэлі ягады: калі ў 2025 годзе кілаграм у сярэднім каштаваў 32,87 рубля, то ў 2026-м — 36,65 рубля.
Значна патаннелі грушы: цяпер яны каштуюць 6,69 рубля ў параўнанні з 8,84 рубля летась.
Цэны на вінаград таксама знізіліся — з 12,72 рубля да 9,41 рубля за кілаграм.
А колькі за макароны і крупы?
Грэчка падаражэла на 11,7%. Летась кілаграм можна было набыць за 2,47 рубля, цяпер — за 2,76 рубля.
Рыс патаннеў з 5,32 рубля да 4,39 рубля — гэта на 17,5% менш.
Макароны падаражэлі на 8% — з 3,22 рубля ў 2025 годзе да 3,48 рубля ў 2026-м.
Колькі каштуюць гарбата і кава?
Кілаграм молатай кавы за год падаражэў на 48%. Калі ў студзені 2025-га ён каштаваў 50,37 рубля, то ў студзені 2026-га цана вырасла да 74,46 рубля.
Цэны на распушчальную каву таксама павысіліся: 108 рублёў за кілаграм летась супраць 134 рублёў сёлета.
Чорная гарбата за год падаражэла на 11%. Яе цана павялічылася з 56,44 рубля да 62,47 рубля.
На 22,5% падаражэў шакалад — з 44,56 рубля да 54,94 рубля.
Пячэнне таксама стала даражэйшым, цана ўзрасла на 8%. У 2025 годзе кілаграм у сярэднім каштаваў 11,16 рубля, цяпер — 12,01 рубля.