Цыгарэты ў Беларусі падаражэюць з 1 студзеня
Цыгарэты, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Ад 1 студзеня ў Беларусі падаражэюць цыгарэты. Максімальныя рознічныя цэны на іх апублікавала Міністэрства па падатках і зборах, заўважыў сайт Myfin.by.
Некаторая прадукцыя ААТ "Гродзенская тытунёвая фабрыка "Нёман" павялічыцца ў цане да 60 капеек (напрыклад, Credo). Цэны на цыгарэты "Фэст" і "Фэст 7" вырастуць на 55 капеек, маркі "Мінск" і "Прэм'ер" стануць даражэйшымі на 50 капеек, а NZ і Queen — на 45.
Заўважна падаражэюць цыгарэты ТАА "Тытунь-Інвест". Напрыклад, Kalipso Special Gold Slim, Kalipso Special Gold Super Slim, KALIPSO Slim, KALIPSO Slim 100, KALIPSO Super Slim, KALIPSO Special Gold прыбавяць у цане адразу 1,3 рубля. А прадукцыя MAC падаражэе на 1 рубель.
Вырастуць цэны і на цыгарэты, якія ўвозіць у нашу краіну дзяржаўнае прадпрыемства "Беларусьгандаль". Так, лінейка Chapman падаражэе на 40 капеек.
Падаражэюць і некаторыя іншыя цыгарэты.
Са студзеня 2025-га ўлады павысілі стаўкі акцызаў на цыгарэты як першай, так і другой цэнавай груп. Раней чыноўнікі казалі, што паступова збліжаюць стаўкі акцызаў на цыгарэты з іншымі краінамі ЕАЭС, у тым ліку з Расіяй.