Калі немагчыма падключыць оптавалакно, карыстайцеся "Белтэлекамам" — Мінсувязі

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Міністэрства сувязі адказала на петыцыю наконт абмежаванняў мабільнага інтэрнэту.

Аўтары петыцыі прасілі перагледзець абмежаванні хуткасці мабільнага інтэрнэту на безлімітных тарыфах пасля 30 Гб. Таксама яны звярталі ўвагу на праблему з доступаму да бяздротавага інтэрнэту ў сельскай мясцовасці. У вёсках, аграгарадках і садовых таварыствах часта немагчыма падключыць оптавалакновую сувязь. Для іх насельнікаў інтэрнэт нярэдка становіцца адзіным спосабам доступу "да інфармацыі, дзяржаўных і сацыяльных сэрвісаў, адукацыйных рэсурсаў, дыстанцыйнай працы, тэлемедыцыне і экстранай сувязі".

Як паведамлялася раней, з 23 лютага ў Беларусі ўводзіцца ліміт на хуткасць безлімітнага інтэрнэту. Пасля вычарпання 30 Гб трафіку хуткасць інтэрнэту будзе зніжаная да 1 Мбіт/сек.

Падпісанты папрасілі змякчыць абмежаванні для тых населеных пунктаў, дзе няма альтэрнатыўных каналаў сувязі. Яны прапаноўвалі забяспечыць доступ да бесправаднога Іінтэрнэту без жорсткіх лімітаў альбо на сацыяльна апраўданых умовах, а таксама зрабіць спецыяльныя тарыфы для сельскай мясцовасці з улікам рэальных тэхнічных магчымасцяў.

У адказе Мінсувязі, які падпісаў намеснік міністра Павел Ткач, гаворыцца, што петыцыю залічылі ў масавыя звароты, бо прыйшло больш за дзесяць зваротаў з аднолькавым зместам. Таму ў міністэрстве вырашылі не адказваць кожнаму заяўніку, а размясціць агульны адказ на сайце ў раздзеле FAQ.

Змяняць ранейшае рашэнне пра абмежаванні ў ведамстве не плануюць. А жыхарам сельскай мясцовасці прапануюць такі варыянт:

"Па магчымасці разам з паслугамі сотавага аператара выкарыстоўваць паслугі стацыянарнай электрасувязі ад РУП "Белтэлекам", а ў выпадку немагчымасці іх атрымання, зацікаўленая асоба мае права накіраваць зварот сотаваму аператару з мэтай уліку яго інтарэсаў і патрэбаў у паслугах перадачы даных пры фарміраванні гэтымі аператарамі новых тарыфных планаў і паслуг".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.