ПВК Вагнера пераарыентавалася на дыверсіі ў заходніх краінах — FT

ПВК "Вагнер"

ПВК "Вагнер" / sb.by

Расійская прыватная вайсковая кампанія Вагнера займаецца акцыямі сабатажу ў Еўропе. Для акцый рэкруцёры вярбуюць уразлівых людзей на тэрыторыі краін NATO. Пра гэта піша выданне Financial Times са спасылкай на заходніх разведчыкаў, заўважыла "Зеркало".

Рэкруцёры, якія раней вербавалі маладых расіян для баявых дзеянняў ва Украіне, цяпер атрымалі новую задачу. Яны мусяць прыцягваць эканамічна ўразлівых еўрапейцаў для дыверсій на тэрыторыі краін NATO. Адзін з суразмоўцаў расказаў журналістам, што расійская вайсковая разведка (ГРУ) выкарыстоўвае для гэтага даступныя рэсурсы, у тым ліку сетку ПВК Вагнера. Яны шукаюць "аднаразовых" агентаў, здольных ствараць хаос.

Адзначаецца, што апошнія два гады Крэмль пашырыў кампанію сабатажу і дэстабілізацыі. Гэта робіцца для таго, каб падарваць падтрымку Украіны на Захадзе і справакаваць сацыяльныя пратэсты. Эфектыўным інструментам аказалася сетка ПВК Вагнера.

Агентам даручаюць самыя розныя заданні — ад падпалу машын палітыкаў і складоў з дапамогай для Украіны да маскіроўкі пад прапагандыстаў нацызму. Часта матывам для вярбоўкі служаць грошы. Нярэдка заданні выконваюць маргіналізаваныя людзі.

Напрыклад, пры канцы 2023-га праз сацсеткі ПВК Вагнер завербавалі брытанцаў, сярод якіх быў 21-гадовы злачынец Дылан Эрл. У сакавіку 2024 года ён наняў яшчэ чатырох маладых людзей і падпаліў склад ва Усходнім Лондане. Летась суд прызначыў яму 23 гады турмы.

Еўрапейскія спецслужбы адзначаюць, што сетка расійскіх агентаў маштабная і танная. Але пры гэтым расійскія спецслужбы застаюцца ў мінусе ў такіх сферах, як кампетэнтнасць і сакрэтнасць. Большасць нападаў былі папярэджаныя, а не даведзеныя да канца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.