На фэсце ў Францыі адбыліся напады са шпрыцамі на дзясяткі жанчын

Фэст Fête de la Musique у Францыі / Le Pictorium/picture alliance
Падчас музычнага фэсту Fête de la Musique ("Свята музыкі") у Францыі адбыліся напады са шпрыцамі на дзясяткі жанчын.
У паліцыю паступіла 145 заяваў ад жанчын пра ўколы шпрыцамі з боку невядомых, перадае DW са спасылкай на МУС Францыі. Пасля ўколаў жанчыны скардзіліся на млоснасць. Што менавіта ім уводзілі — невядома.
Агулам у выніку актаў гвалту пацярпелі каля 1500 чалавек. Па ўсёй краіне, як заяўляюць у МУС, было арыштавана 305 чалавек. Летась, дарэчы, на гэтым фэсце было толькі 22 арышты.
У ведамстве нагадалі, што перад фестывалем у інтэрнэце з'явіліся заклікі "нападаць і калоць жанчын". Пракуратура пачала расследаванне.
У Ангулеме на захадзе Францыі чацвёра падазраваных напалі са шпрыцамі на 50 жанчын. На ўсходзе краіны паліцыя арыштавала двух мужчын. Іх вінавацяць у "прымяненні шкодных рэчываў", у лякарні звярнуліся 16 дзяўчат.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.