Лукашэнка ўбачыў, як разганяць пратэсты. Фрыдман — пра “іранскі ўрок”
Плакат на мітінгу ў падтрымку іранскага народу / Reuters
— Лукашэнка разглядае гэта як досвед — як прыклад таго, ці можна зрабіць з пратэстоўцамі тое, што іранскія ўлады з імі зрабілі, — так каментуе падзеі ў Іране палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
Якія высновы з трагічных падзей для іранскага народа зробіць Лукашэнка? Які ўрок ён з гэтага вынясе? На гэтыя пытанні ў эфіры Еўрарадыё адказваў гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
— Тут важна адзначыць: да гэтага рыхтаваліся. Гэта не быў экспромт іранскіх уладаў. Ужо сёння ёсць інфармацыя і пацверджаныя звесткі, што падобныя сцэнары загадзя адпрацоўваліся. Яны не ведалі, дзе менавіта ўспыхнуць пратэсты і хто ў іх будзе ўдзельнічаць, але да таго, як іх падаўляць — менавіта так брутальна і жорстка, — яны былі гатовыя.
Трэба сказаць, што ім гэта ўдалося — жахлівымі метадамі, але дастаткова эфектыўна. На дадзены момант, як мы бачым, пратэстная актыўнасць у Іране не спынілася цалкам, але гэта ўжо не той узровень, які быў тыдзень таму. Асобнае пытанне — блакаванне інтэрнэту: яго яшчэ будуць вывучаць эксперты. Судзячы па ўсім, і тут улады дзейнічаюць даволі паспяхова — блакаванне працягваецца дагэтуль.
Дарэчы, сам факт таго, што блакаванне працягваецца, сведчыць: іранскія падзеі яшчэ далёкія ад завяршэння. На думку экспертаў, гэтая блакада была ажыццёўлена пры садзейнічанні Расіі і Кітая. І менавіта гэты досвед Лукашэнка ўважліва вывучае. Гэта тое, чым ён патэнцыйна можа скарыстацца, — упэўнены Фрыдман.
Ён лічыць, што Лукашэнка зробіць для сябе высновы пра тое, як разганяць пратэсты, калі ў гэтым узнікне патрэба. Але гісторык звяртае ўвагу на важную розніцу: пакуль эканоміка на баку беларускіх уладаў — у адрозненне ад сітуацыі ў Іране.
— Тое, што ў выніку адбылося ў Іране: гэтыя пратэсты пачыналіся як эканамічныя. І менавіта такіх пратэстаў Лукашэнка заўсёды баіцца найбольш і называе іх найгоршым сцэнарыем. Лукашэнка, як перакананы матэрыяліст, упэўнены, што людзі выходзяць на вуліцы і пратэстуюць “па-сапраўднаму”, з ягонага пункту гледжання, да канца — альбо іх заб’юць, альбо яны перамогуць уладу. І такія пратэсты ўзнікаюць тады, калі эканамічная сітуацыя становіцца катастрафічнай, калі людзям ужо няма чаго губляць.
Менавіта такая сітуацыя сёння назіраецца ў Іране. У гэтым і заключаецца ключавая праблема іранскіх уладаў. У гэтым сэнсе Лукашэнка знаходзіцца ў значна больш выгадным становішчы. Чаму? Таму што пратэсты 2020 года ў Беларусі не былі эканамічна матываванымі. Больш за тое, пасля 2020 года ў Лукашэнкі з’явіліся пэўныя рэсурсы, якія дазволілі ў цэлым палепшыць эканамічнае становішча ў краіне.
У іранскіх уладаў такіх магчымасцяў няма. А ў Злучаных Штатаў, наадварот, ёсць інструменты для далейшага ціску і для таго, каб зрабіць эканамічную сітуацыю ў Іране яшчэ больш цяжкай. Людзі, якія выходзілі на пратэсты, рабілі гэта перш за ўсё таму, што далей так жыць ужо немагчыма. Гэта пратэст адчаю.
Яго можна заліць крывёю, але гэта толькі пытанне часу. У нейкі момант гэтай крыві стане недастаткова — і ўзнікне новая хваля пратэстаў. Іранскія ўлады гэта выдатна разумеюць. І менавіта такой формы пратэстаў Лукашэнка баіцца на працягу ўсяго свайго палітычнага жыцця. Пакуль, як вядома, такіх пратэстаў у Беларусі не было, — падсумоўвае Аляксандр Фрыдман.