Падчас пратэстаў у Іране загінулі каля 500 чалавек
Пратэсты ў Іране / ABACA / Mahsa / Middle East Images
У Іране працягваюцца масавыя пратэсты супраць рэжыму аятолаў. Супрацьстаянне драматычна абвастраецца.
Паводле звестак праваабарончай арганізацыі Human Rights Activists News Agency (HRANA), ад пачатку пратэстаў у Іране былі забітыя як мінімум 538 чалавек. Сярод іх — 490 дэманстрантаў і 48 супрацоўнікаў сіл бяспекі, адзначае Bild. Затрыманыя былі больш за 10 600 чалавек.
Карэспандэнт выдання Axios, спасылаючыся на звесткі ізраільскага ўрада, заяўляе, што загінула больш за 1000 чалавек. Аднак праверыць гэтыя лічбы па незалежных крыніцах немагчыма, бо іранскі рэжым паралізаваў інтэрнэт і тэлефонную сувязь у краіне. Афіцыйных звестак пра колькасць ахвяраў улады краіны не паведамляюць.
Тым не менш за мяжу трапілі відэазапісы пратэстаў у Тэгеране і Мешхедзе — другім па велічыні горадзе краіны. Актывісты паведамляюць, што дэманстранты збіраюцца невялікімі групамі на кароткі час, каб пазбегнуць сутычак з сіламі бяспекі.
Дональд Трамп заявіў, што злучаныя Штаты гатовыя дапамагчы Ірану ў яго імкненні да свабоды. У Вашынгтоне, як перадаюць СМІ, абмяркоўваюцца такія варыянты, як кібератакі, дадатковыя санкцыі ці ваенныя крокі. У адказ старшыня парламента Ірана Махамад-Багер Галібаф прыгразіў, што амерыканскія вайсковыя базы і Ізраіль могуць стаць законнымі мэтамі ў выпадку ўмяшання.