Для абыходу санкцый Іран прапанаваў Беларусі карыстацца сваімі партамі

Беларуска-іранская камісія

Беларуска-іранская камісія / tehrantimes.com

Беларусь можа карыстацца партамі Ірана для гандлю з Індыяй, краінамі Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Так яна зможа абысці абмежаванні, накладзеныя міжнароднымі санкцыямі.

Такую прапанову агучыў сакратар Вышэйшага савета свабодных і спецыяльных эканамічных зон Ірана Рэза Масрур падчас сустрэчы з кіраўніцай Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Беларусі Аленай Пярмінавай, піша Tehran Times.

"І Іран, і Беларусь сутыкаюцца з несправядлівымі эканамічнымі санкцыямі", — адзначыў прадстаўнік Ірана, згадаўшы, што Беларусь праз санкцыі страціла доступ да балтыйскіх партоў у Літве і Латвіі.

Ён назваў маршрут з Махачкалы ў Расіі да каспійскага порта Ірана калідорам, які мог бы адкрыць Беларусі доступ да мора. Праз Іран афіцыйны Мінск можа забяспечыць экспарт сваіх калійных угнаенняў, сельскагаспадарчай прадукцыі ды іншых тавараў. А Беларусь у адказ, паводле Масрура, магла б пашырыць доступ Ірана да рынку Еўразійскага эканамічнага саюза, які налічвае 180 мільёнаў чалавек.

Супрацоўніцтва ў эканамічнай, камерцыйнай, навуковай, культурнай і інвестыцыйнай сферах абмяркоўвалася таксама на 18-м пасяджэнні змяшанай беларуска-іранскай міжурадавай камісіі. Бакі дамовіліся, што Іран будзе пастаўляць у Беларусь прадукты і імпартаваць з Беларусі сельскагаспадарчыя сыравінныя матэрыялы. Таксама Іран гатовы забяспечыць транзіт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі ў трэція краіны. Акрамя таго бакі дамовіліся пра пастаўкі беларускага калію, які будзе часткова апрацоўвацца ў Іране.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.