Лукашэнка патрабуе ад Літвы перамовы, грошы і вярнуць пажарныя машыны Зімбабвэ

Нарада ў Лукашэнкі 9 снежня

Нарада ў Лукашэнкі 9 снежня / прэс-служба Лукашэнкі

Лукашэнка патрабуе, каб афіцыйная Вільня села за стол перамоваў з Мінскам. Пра гэта ён заявіў на пасяджэнні Савета бяспекі 9 снежня. "Мы да гэтага гатовыя. Іншых варыянтаў няма", — падкрэсліў ён.

Праз масавыя прылёты з Беларусі метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі Літва ў лістападзе на тры тыдні закрывала мяжу з Беларуссю. У выніку ў Беларусі затрымаліся фуры перавозчыкаў з літоўскімі нумарамі. Беларускі бок не выпускае іх дагэтуль, патрабуючы перамоваў на ўзроўні МЗС.

Лукашэнка назваў праблему з метэазондамі палітызаванай і заявіў, што літоўцы перабольшваюць праблемы з перашкодамі для авіяцыі ад метэазондаў: "Я размаўляў з лётчыкамі, пілотамі. Яны кажуць, што гэта ніякай праблемы не ўяўляе".

Ён паведаміў, што афіцыйны Мінск гатовы выкупіць грузы з фур, якія хутка псуюцца, і агучыў патрабаванні да Літвы: "Вярніце нам 17 або 20 аўтамабіляў, якія вы скралі. Пажарныя аўтамабілі, якія пастаўлялі ў Зімбабвэ". Верагодна, гаворка ідзе пра машыны, канфіскаваныя ў 2023 годзе ў Клайпедскім порце. 17 малакавозаў у абыход санкцый адпраўляліся з Беларусі на Кубу, 17 пажарных машын — у Зімбабвэ, тлумачаць у Літве.

Таксама Лукашэнка патрабуе "нармалізаваць працу" санаторыя "Беларусь", рахункі якога замарожаныя ў выніку санкцый ЕС. "І вярніце нам грошы за тое, што мы там будавалі порт", — дадаў ён у пераліку патрабаванняў. Праз Клайпедскі порт ішлі пастаўкі беларускіх угнаенняў, кампанія "Беларускалій" мела 30% акцый тэрмінала.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.