У Літве прапануюць выкарыстаць беларускія актывы для кампенсацыі за грузавікі
Санаторый "Беларусь"
Урад Літвы павінен разгледзець магчымасць кампенсаваць перавозчыкам страты за затрыманыя ў Беларусі грузавікі. Асновай для кампенсацыі могуць стаць замарожаныя беларускія актывы, у тым ліку санаторый "Беларусь" у Друскінінкаі.
Такую прапанову агучыў былы прэм’ер-міністр Літвы, лідар дэмакратычнага саюзу "У імя Літвы" Саўлюс Сквярняліс, паведамляе выданне delfi.lt.
"Трэба правесці інвентарызацыю, высветліць, колькі цягачоў знаходзіцца ў закладніках, паколькі сітуацыя насамрэч не такая, як нам пра яе паведамляюць. Гаворка ідзе пра іншую колькасць", — заявіў палітык.
На яго думку, Літве трэба рыхтавацца да таго, што затрыманыя ў Беларусі фуры проста страцяць. Таму варта думаць пра кампенсацыю перавозчыкам — за кошт беларускай маёмасці ў Літве.
"Калі цягачы канфіскуюць, адпаведна асіметрычныя меры ўхваляць і ў Літве. Іншы бок павінен гэта зразумець", — канстатаваў Сквярняліс.
Літоўскія фуры затрымаліся ў Беларусі пасля таго, як урад Літвы закрыў мяжу з Беларуссю на тры тыдні. Рэжым Лукашэнкі не выпускае фуры нават пасля адкрыцця мяжы, патрабуючы кансультацый з Літвой на ўзроўні МЗС.