Літоўскія перавозчыкі рыхтуюць пратэст супраць затрымкі ў Беларусі

Фуры, ілюстрацыйнае фота

Фуры, ілюстрацыйнае фота / sb.by

Літоўскія перавозчыкі абураныя, што не могуць вярнуць свае фуры з Беларусі. Таму яны рыхтуюць пратэст у цэнтры... Вільні.

Асацыяцыя перавозчыкаў Linava запланавала акцыю на 10 снежня. Таксама лагістычныя кампаніі гатовыя заблакаваць трасу М1 на польска-літоўскай мяжы. Але пакуль што вырашылі абмежавацца мітынгам на праспекце Гедыміна.

Кіраўнік Linava Эрландас Мікенас у каментары DELFI кажа, што страты транспартнікаў ужо набліжаюцца да 100 млн еўра. Кожная фура, што стаіць у Беларусі, каштуе ім да 10 тысяч еўра за дзень.

У лістападзе Літва на тры тыдні закрыла наземную мяжу з Беларуссю праз гібрыдныя атакі пры дапамозе метэазондаў з кантрабандай, што адпраўляюцца з беларускай тэрыторыі. У адказ Мінск забараніў рух літоўскіх грузавікоў па сваёй тэрыторыі.

20 лістапада Літва аднавіла працу памежных пераходаў з Беларуссю. Аднак афіцыйны Мінск па-ранейшаму не дазваляе грузавікам выехаць, патрабуючы спярша правесці сустрэчу на ўзроўні міністраў замежных спраў. У кіраўніцтве Літвы мяркуюць, што такім чынам рэжым Лукашэнкі спрабуе прарваць рэжым ізаляцыі і санкцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.