Адбылася першая сустрэча Ціханоўскай і Зяленскага. Ён запрасіў Святлану ў Кіеў
Палітыкі сустрэліся ў Вільні / @CabinetBelarus
25 студзеня ў Вільні адбылася першая двухбаковая сустрэча прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай. Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі ад імя беларусаў выказала поўную падтрымку ўкраінскаму народу, які змагаецца за свабоду, а таксама адзначыла выключнае асабістае лідарства прэзідэнта Зяленскага і падзякавала яму за моцную прамову на цырымоніі ўшанавання паўстанцаў 1863 года.
Падчас сустрэчы ўздымалася тэма беларускіх добраахвотнікаў і валанцёраў, а таксама Ціханоўская асобна звярнула ўвагу на лёс палонных беларускіх добраахвотнікаў. Яна падзякавала Зяленскаму і Кірылу Буданаву за прыняцце апошняй групы вызваленых палітвязняў.
Бакі абмеркавалі працэс вызваленняў, наступныя крокі і гатоўнасць Украіны аказваць падтрымку такога кшталту і надалей. Ціханоўская і Зяленскі таксама абмеркавалі санкцыйную палітыку, сумесную стратэгію з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі і памагатых рэжыму, у тым ліку за вываз украінскіх дзяцей.
Таксама бакі абмеркавалі візіт ва Украіну: Зяленскі запрасіў Ціханоўскую наведаць Кіеў.