"Вяртанне да нармальнасці": Марыя Калеснікава намацала свой палітычны кірунак
Марыя Калеснікава / Фота з інтэрв'ю для Марыны Золатавай
"Вяртанне да нармальнасці": так былая палітзняволеная Марыя Калеснікава сфармулявала тое, чаго яна хацела б дамагчыся як выніка сваёй сацыяльна-палітычнай актыўнасці. Лідарка мірных пратэстаў 2020 года агучыла гэтую думку ў інтэрв'ю іншай экс-палітзняволенай, былой галоўнай рэдактарцы Tut.by Марыне Золатавай.
"Сітуацыя, якая склалася ў Беларусі, вельмі цяжкая. Але з любой цяжкай сітуацыі заўсёды ёсць нейкае выйсце. У мяне ёсць бачанне, якім яно можа быць. Калі фармуляваць у двух словах, дык гэта "вяртанне да нармальнасці", — кажа Калеснікава. — Мне вельмі падабаецца гэтае словазлучэнне.
Вяртанне да нармальнасці — гэта не працэс, які адбываецца хутка ці за адзін дзень. Гэта паступовае памяншэнне ціску на грамадства і бізнэс, вывад краіны з ізаляцыі. Размова ідзе пра спыненне затрыманняў, прыпыненні дзеяння рэпрэсіўных законаў. Пра тое, каб людзі маглі свабодна чытаць навіны, падарожнічаць, весці бізнес і развіваць грамадзянскія ініцыятывы, спакойна вяртацца ў краіну, атрымліваць дакументы за мяжой. Для гэтага патрэбныя зразумелыя і прадказальныя правілы — як для вяртання людзей, так і для працы незалежных медыяў і грамадзянскай супольнасці".
Беларусы, якія былі вымушаныя выехаць з краіны праз развязаныя рэжымам Лукашэнкі рэпрэсіі, за больш як пяць гадоў, што прайшлі пасля выбараў 2020 года, шматкроць выступалі з ініцыятывамі пра "вяртанне нармальнасці" ў тым ці іншым выглядзе. Аднак фактычныя ўлады Беларусі не ідуць ім насустрач, а іх апаненты працягваюць заставацца за кратамі. Больш за тое — палітычна матываваныя затрыманні працягваюцца.