“Які перадзел?” Ціханоўская пра адносіны з Бабарыкам і Калеснікавай
Святлана Ціханоўская / Euroradio
Святлане Ціханоўскай не падабаецца, што вызваленых палітвязняў і Офіс лідаркі дэмсіл намагаюцца “сутыкнуць ілбамі”. “Можа, з дапамогай КДБ ці іншых асоб?” — разважае Ціханоўская. Яна спадзяецца, што кожны з вызваленых палітвязняў знойдзе сабе месца ў палітычным кантэксце.
— Кожны этап вызвалення людзей — гэта новая дынаміка. Людзі выходзяць і прыносяць новыя ідэі. Можна карэктаваць [бачанне], як вызваляць людзей, як вызваляць нашую краіну, — сказала лідарка дэмсіл Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы са Змітром Лукашуком.
“Перадзел уплыву? Уплыву на што?”
Лукашук намагаўся “справакаваць” Ціханоўскую на размову пра канкурэнцыю з былымі палітвязнямі на палітычным полі.
— Ну як, перадзел! — правакуе журналіст Еўрарадыё.
— Які перадзел?
— Уплыву, прынамсі.
— Уплыву на што?
— На людзей, на рэсурсы.
— Ну дык добра, калі ёсць магчымасць уплываць на розумы, на сэрцы людзей. Маша была нашай надзеяй, яна сваёй усмешкай натхняла ўсіх. І я бачу ў гэтым штучны працэс, калі кажуць, маўляў, ну ўсё, Ціханоўская сваю ролю адыграла, цяпер ёсць Маша. Зміцер, дайце нам спачатку паразмаўляць, зразумець, ці пойдуць увогуле людзі ў палітыку.
Мы ўжо чуем галасы: адзін час скончыўся, іншы — пачаўся. І гэта на руку толькі рэжыму. <...> Я ўпэўненая, што і ў Машы, і ў Віктара, і ў Максіма мэта — вольная Беларусь, у якую б мы маглі вярнуцца.
Ціханоўская прызнае, што бачанне шляхоў да новай Беларусі ва ўсіх можа адрознівацца, але гэта не значыць, што яны павінны ці будуць супрацьстаяць адно аднаму.
Яна падзякавала ўсім урадам, арганізацыям, асобам, якія былі ўключаныя ў працэс вызвалення людзей. Ціханоўская прызналася, што ёй радасна бачыць, што збудаваныя беларусамі інстытуцыі працуюць.
Чаму Ціханоўская не адразу патэлефанавала Калеснікавай?
На той момант, калі Зміцер Лукашук запісваў інтэрв’ю са Святланай Ціханоўскай, яна яшчэ не размаўляла па тэлефоне з Марыяй Калеснікавай. Іх першая тэлефонная гутарка адбылася ў мінулую пятніцу, 19 снежня.
— У кожнага чалавека ёсць выбар: заставацца ў барацьбе ці не. Канешне, сітуацыя 2020 года была ўнікальнай, гэта быў працэс перад выбарамі, і нашае аб’яднанне адыграла ключавую ролю.
Можна аб’ядноўвацца з рознымі асобамі, якія маюць голас, уплыў, давер ад беларусаў. Гэта могуць быць іншыя канфігурацыі. Пабачым, якія мэты будзе ставіць Маша. Як я чую, яна хоча перш за ўсё акунуцца ў музыку, у культуру. А можа быць, і ў палітыку!
Ціханоўская кажа, што вызваленне Калеснікавай для яе — “асабістая радасць і шчасце”. Паводле яе слоў, яшчэ да тэлефоннай гутаркі і Марыя, і Віктар Бабарыка ведалі, што з боку Офіса ёсць запыт на размову.
— Калі Маша захоча застацца ў палітыцы, не паўторыцца сітуацыя, як з Веранікай Цапкала? — запытаўся Зміцер Лукашук.
— Ну гэта ж залежыць ад Машы, — кажа Ціханоўская. — Я нікуда сысці не магу. Бо гэта ў тым ліку і мая барацьба.
— Размова не пра сыход, а пра далучэнне, пра кааперацыю.
— Не, канешне, я б бачыла нашую супрацу. Каб мы разам маглі падумаць пра тое, як з гэтымі новымі сіламі, якія вярнуліся да нас, мы маглі працаваць. Можа, у іх ёсць новыя ідэі, можа, больш інфармацыі знутры краіны, можа — нейкае новае бачанне. Мы ж памятаем, што ёсць хай і незарэгістраваная, але партыя ў Віктара Дзмітрыевіча (Бабарыкі). Можа, яны будуць рухацца ў гэтым кірунку.