Ані Вільня, ані Варшава — Чарнігаў: як амерыканцы 123 палітвязняў вызвалялі
Беларускія палітвязні ва Украіне 13.12.2025 / Хочу жить
Мая ідэальная карцінка выглядае так: дзясяткі аўтобусаў заязджаюць на тэрыторыю Польшчы альбо Літвы, уздоўж дарогі стаяць беларусы і са сцягамі і ўсмешкамі вітаюць на волі палітвязняў, як украінцы сваіх палонных. Але з беларускімі палоннымі так не бывае.
Вызваленні адбываюцца такім чынам: спачатку ідуць перамовы паміж Вашынгтонам і Мінскам. Апошнія займалі чатыры месяцы. Потым у Мінск едзе спецпрадстаўнік Трампа па Беларусі Джон Коўл. Далей прапаганда паказвае кадры яго абдымкаў і пацалункаў з Лукашэнкам. Затым амерыканскі бок аб’яўляе пра чарговыя саступкі. Гэтым разам — пра зняццё абмежаваннняў з беларускага калію.
“У адпаведнасці з даручэннямі прэзідэнта Трампа, — патлумачыў Джон Коўл. — Па меры нармалізацыі адносін паміж краінамі ўсё больш санкцый будзе здымацца".
Пасля гэтага палітычных вязняў вязуць на мяжу. Што праўда, пра гэта яны да апошняга не ведаюць. Але могуць здагадвацца.
“Я сядзеў у Горках у калоніі, гэта Магілёўская вобласць, зусім побач ад расійскай мяжы — 14 кіламетраў. Праз усю Беларусь з усходу на захад я праехаў з завязанымі вачыма. У той сітуацыі выбару вялікага не было: ці заставацца ў турме, ці быць вось такім чынам вывезеным. Я рады, што я на свабодзе”, — гэта першыя словы на волі лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронцы Алеся Бяляцкага, асуджанага на 10 гадоў за нібыта кантрабанду і фінансаванне пратэстаў.
У Вільню Бяляцкага прывёз Джон Коўл — разам з вызваленымі з беларускай турмы васьмю грамадзянамі іншых краін. Тут чакалі і астатніх 114. Для іх было падрыхтаванае жыллё, закупленыя неабходныя на першы час рэчы, арганізаваная медыцынская дапамога. Прыехалі сябры і родныя, прыйшлі знаёмыя. Але ў апошні момант стала вядома, што палітвязняў перадалі Украіне.
“Я не ўпэўнены, што гэта нейкі крок рэжыму. Магчыма, літоўскі бок адмовіўся іх прымаць. Альбо амерыканцы папрасілі”, — у размове з Еўрарадыё выказаў здагадку Іван Краўцоў — прадстаўнік штаба прэтэндэнта ў прэзідэнты 2020 года Віктара Бабарыкі.
Віктар Бабарыка, як і прадстаўніца яго штаба Марыя Калеснікава, юрыст штаба Максім Знак таксама апынуліся ва Украіне. Яны, як і іх спадарожнікі па аўтобусе, выйшлі на вольную зямлю з характэрнымі папяровымі пакетамі — такія ж “сабойкі” рэжым “ласкава” выдае абмененым з расійскага палону ўкраінцам, якіх вяртаюць дадому тым жа шляхам — праз Новую Гуту. А яшчэ яны без пашпартоў — гэтая практыка актыўна прымяняецца ў дачыненні да людзей, вызваленых пры дапамозе ЗША. Праваабаронцы, палітыкі і самі экс-палітзняволеныя называюць гэта дэпартацыяй. А яшчэ гандлем людзьмі.
“Хлопцы і дзяўчаты дарагія, вы наогул разумееце, што адбываецца? Вы хіба не бачыце, што гэта нахабны, брудны гандаль людзьмі! Які заахвочваецца Амерыкай, Еўропай, усім светам”, — напісала былая выкладчыца лінгвістычнага ўніверсітэта і палітзняволеная Наталля Дуліна. Яе такім жа чынам вывезлі з Беларусі ў Літву сёлета ў чэрвені — разам з Сяргеем Ціханоўскім.
Дык куды ўсё ж павязуць — у Вільню ці Варшаву? Гэтае пытанне некалькі месяцаў лунала сярод журналістаў і палітычных актывістаў у выгнанні, якім хацелася б мець хоць нейкае дачыненне да перамоўнага працэсу паміж Мінскам і Вашынгтонам. Вільня — бо заўсёды дагэтуль была Вільня, але цяпер адносіны паміж Літвой і Беларуссю максімальна напружаныя праз шары з цыгарэтамі. Варшава — бо Польшча нядаўна адкрыла ажно два закрытых раней памежныя пераходы і такім чынам спадзявалася атрымаць наўзамен з турмы Анджэя Пачобута — журналіста Gazeta Wyborcza і прадстаўніка польскай меншасці ў Беларусі.
Але атрымаўся Чарнігаў і Украіна.
"Кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў звярнуўся да мяне. Сказаў, што беларусы гатовыя аддаць палітычных вязняў. Не хочуць аддаваць праз тую ці іншую краіну ЕС, але, калі я падтрымаю, гатовыя перадаць цераз Украіну", — патлумачыў сітуацыю прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Аднак экспертка ў міжнародных адносінах Роза Турарбекава перакананая, што рашэнне перадаць беларускіх палітвязняў Украіне прымалася не толькі ў Мінску, але і ў Вашынгтоне.
“Я заўсёды казала пра тое, што беларуска-амерыканскі трэк не з’яўляецца самастойным. Ён — дадатковы да перамоў па заканчэнні вайны паміж Расіяй і Украінай. І толькі ў гэтым выпадку Беларусь трапляе ў фокус амерыканскай адміністрацыі. І Коўл не хавае, навошта патрэбныя размовы з Лукашэнкам с бо Лукашэнка добра ведае Пуціна. Але за ўсім гэтым стаяць іншыя пытанні адносна бяспекі мяжы і гарантый бяспекі, якія могуць даць Украіне праз Лукашэнку, бо ён кантралюе тэрыторыю Беларусі”.
Алесь Бяляцкі ўжо сустрэўся з жонкай Наталляй. Яны нават схадзілі ў краму і набылі яму гарнітур — для сустрэчы з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. Вызвалены паплечнік Алеся па праваабарончым цэнтры “Вясна” Уладзь Лабковіч разам з Бабарыкам, Калеснікавай, паліттэхнолагам Аляксандрам Фядутам далі прэс-канферэнцыю для ўкраінскіх медыя. Пытанні былі прадказальнымі — пра вайну.
“Я выказваю поўную салідарнасць з Украінай, — сказаў Уладзь Лабковіч. — Я ў шмат якіх установах у зняволенні знаходзіўся. Там 80–90% людзей адзінадушна падзяляюць боль Украіны”.
Віктар Бабарыка падчас гэтай размовы сказаў, што ведае пра вайну толькі тое, што яму паказвалі па турэмным тэлебачанні. Аднак ужо ў панядзелак падчас гутаркі з прэзідэнтам Зяленскім яго рыторыка была іншай.
“Я вельмі ўдзячны за добрыя словы пра Украіну і ўкраінцаў, а таксама за выразную, прынцыповую пазіцыю адносна расійскай агрэсіі. Гэта важна. Украіна будзе працягваць дапамагаць усім, хто дапамагае нам абараняць нашу незалежнасць і жыцці людзей", — напісаў пасля размовы прэзідэнт Украіны.
Размаўлялі праз відэасувязь. З беларускага боку ўдзельнічалі Уладзь Лабковіч, Максім Знак, былая галоўная рэдактарка партала TUT.by Марына Золатава, Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка і Аляксандр Фядута.
Аляксандра Фядуту дэпартавалі з турэмнага шпіталя, дзе ён чакаў аперацыі. Ён ходзіць з кіёчкам і кажа, што палітыкай у будучыні займацца не збіраецца — хоча выкладаць і пісаць кнігі.
Віктар Бабарыка з Машай Калеснікавай хочуць агледзецца — а пакуль яны пагутарылі з прэм’еркай Літвы Інгай Ругінене і заклікалі яе "даць шанец дыпламатычным намаганням ЗША, у тым ліку ў пытаннях вызвалення палітвязняў і зніжэння напружанасці паміж нашымі краінамі".
Ці пагодзіцца Літва даць шанец рэжыму Лукашэнкі і адкрыць Клайпеду для таго самага калію, з якога амерыканцы знялі санкцыі ў абмен на выхад 123 чалавек, вялікае пытанне. Прынамсі пакуль Вільня заявіла, што ЕС здымаць санкцыі з Беларусі не плануе.
Тым часам за тры дні з моманту вызвалення палітвязняў беларусы сабралі ім амаль 250 тысяч еўра. Далучыцца да збору можна тут.
Пры падтрымцы "Медыясеткі"