Літве варта спадзявацца толькі на сябе ў барацьбе з метэазондамі — ДДБ
Метэазонд з кантрабандай, ілюстрацыйнае фота / VSAT
Літоўская разведка не бачыць якіх-небудзь зменаў паводзінаў мінскага рэжыму ў сітуацыі з запускам кантрабандысцкіх метэазондаў. Пра гэта заявіў кіраўнік Дэпартаменту дзяржбяспекі Рэмігіюс Брыдыкіс. Так ён пракаментаваў чарговы масавы прылёт паветраных шароў у Літву і выкліканы імі збой у працы Віленскага аэрапорта.
"Нашы даныя не паказваюць ніякіх зменаў у параўнанні з тым, што мы, здаецца, казалі некалькі тыдняў таму. Каб арганізоўвалася нейкая спецыфічная дзейнасць з боку суседзяў — мы гэтага не бачым, але гэта не значыць, што гэтага няма", — перадае LRT словы Брыдыкіса.
Ён кажа, што пасля перамоваў з амерыканцамі рэжым Лукашэнкі спрабаваў стварыць бачнасць барацьбы з кантрабандысцкімі шарамі. Аднак Літве, на думку кіраўніка ДДБ, варта ў гэтым пытанні больш спадзявацца на ўласныя сілы.
"Магчыма, давайце больш факусавацца на нашых магутнасцях, нашай мэце, згуртаванасці, чым на тым, што там робіць рэжым, бо ўмовы, як я і кажу, з боку рэжыму не змяніліся. У іх ёсць свае інтарэсы, і гэтыя інтарэсы, верагодна, яшчэ нікуды не дзеліся", — заявіў Брыдыкіс.
Раней паведамлялася, што ў ноч на сераду з Беларусі ў Літву было запушчана 42 метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі. Гэта найбуйнейшы сёлета налёт аэрастатаў. Працу Віленскага аэрапорта давялося спыняць тройчы, што закранула 1700 пасажыраў.
Міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс заявіў, што краіна звернецца да ЗША для пошуку сумесных рашэнняў.