У сямі раёнах Гомельшчыны адмянілі падвоз дзяцей праз непагадзь
Зіма / gp.by
У сямі раёнах Гомельскай вобласці 28 студзеня адмянілі падвоз дзяцей у школы. Як растлумачылі ў аблвыканкаме, прычынай стала непагадзь.
На Гомельшчыне сфармавалі штабы па ліквідацыі наступстваў неспрыяльных умоў надвор'я, прынесеных цыклонам "Леоні". У склад груп па ліквідацыі наступстваў цыклона "ўвайшлі як работнікі ўстаноў адукацыі, так і навучэнцы старэйшых класаў школ, каледжаў і студэнты ВНУ", удакладнілі ў аблвыканкаме.
Чыноўнікі паведамілі, што падвоз дзяцей у школы ў сямі раёнах адмянілі, а заняткі там працягнуцца — з улікам санітарных нормаў няма падставаў іх адмяняць.
Рашэнне пра падвоз вучняў у школы ці адмену падвозу прымаюць мясцовыя ўлады. Дарэчы, 27 студзеня быў адменены падвоз у 12 раёнах Гомельшчыны.