БМЗ, падшыпнікавы і яшчэ два буйныя заводы не разлічыліся за энергарэсурсы
На прадпрыемствах вісяць даўгі за 2025 год / LookByMedia
Беларускі металургічны завод, ААТ "Мінскі падшыпнікавы завод", ААТ "Палессеэлектрамаш" і ААТ "БЕЛНДІЛІТ" не расплаціліся за выкарыстанне энергарэсурсаў (электраэнергіі, газу і цеплавой энергіі) у студзені-снежні 2025 года.
Дырэктары гэтых прадпрыемстваў прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Адпаведны загад Міністэрства прамысловасці ад 22 студзеня 2026 года ёсць у распараджэнні рэдакцыі Еўрарадыё. Дакумент атрыманы ад арганізацыі BELPOL.
Кантроль за выкананнем гэтага загада ўскладзены на намесніка міністра Дзмітрыя Бакея.
Наколькі такая практыка распаўсюджаная ў Беларусі?
Рэдакцыя Еўрарадыё папрасіла эканамічнага аглядальніка Андрэя Махоўскага растлумачыць, пра што сведчыць такая сітуацыя на гэтых прадпрыемствах. Гэта нейкая новая "нармальнасць", калі можна цэлы год не плаціць за энергарэсурсы?
— Я б сказаў, што такая практыка не з’яўляецца распаўсюджанай. Бывае, што ў заводаў узнікаюць запазычанасці па энергарэсурсах. Аднак для такіх буйных прадпрыемстваў, асабліва калі браць апошнія два-тры гады, можна сказаць, гэта ўжо пачынае станавіцца нормай. Гэта нязвыклая з’ява. Пры гэтым мы ведаем не ўсё, бо значная частка даных засакрэчаная.
Пра якія сумы запазычанасці можа ісці гаворка? Андрэй Махоўскі адзначае, што адказаць на гэтае пытанне практычна немагчыма, бо мы не ведаем, ці была хоць нейкая аплата за энерганосьбіты, ці яны ўвогуле не плацілі.
— БМЗ — гэта вельмі энергаёмістая вытворчасць. Але мы не ведаем, па якім тарыфе яны плацяць, магчыма, па льготным.
Чаму сярод названых заводаў апынуўся БМЗ? Андрэй Махоўскі нагадвае пра нядаўнюю гісторыю са "злівам" даных пра правал планаў па экспарце некаторых беларускіх прадпрыемстваў.
— Сярод прадпрыемстваў, якія катастрафічна не выканалі экспартныя планы, быў якраз Беларускі металургічны завод. Пры плане экспарту на рынкі “далёкай дугі” ў 240 тысяч тон пракату чорных металаў ён адправіў толькі 35 тысяч тон. Гэта значыць, прадаў у шэсць разоў менш, чым павінен быў.
А гэта, як я ўжо казаў, вельмі энергаёмістая вытворчасць. І, адпаведна, калі вы не можаце прадаць прадукцыю, у вас проста няма грошай. Таму, чаму менавіта БМЗ — гэта абсалютна відавочна.
Падшыпнікавы завод таксама быў у гэтым спісе, але там праблемы не настолькі фатальныя. Хоць, наколькі я ведаю, фінансавыя цяжкасці ў падшыпнікавага завода былі і раней, — нагадвае эканамічны аглядальнік.
Калі гэтыя прадпрыемствы не плацяць па рахунках за энергію, як у іх ідуць справы з выплатай заробкаў? Ці варта работнікам хвалявацца?
— Ці будуць у прадпрыемстваў праблемы з выплатай заробкаў? Я лічу, што ўсё ж не. Проста таму, што ніхто не дазволіць дапусціць запазычанасці па заробках. Ім, хутчэй за ўсё, проста выдадуць крэдыты.