Не база для "Арэшнікаў", а вялікі завод па вытворчасці боепрыпасаў — BELPOL
Беларусь стварае закрытую вытворчасць боепрыпасаў / ВоенТВ
У Беларусі з 2023 года вядзецца будаўніцтва поўнамаштабнага завода па вытворчасці артылерыйскіх і рэактыўных боепрыпасаў. У снежні 2026 года ён павінен пачаць працу. Пра гэта гаворыцца ў чацвёртай серыі "Зброевага барона", якая выйшла на YouTube-канале BELPOL.
Будаўніцтва вядзецца ў Слуцкім раёне, у ваколіцах вёсак Паўлаўка і Шышчыцы — на месцы былога вайсковага арсенала, дзе ў 1996 годзе адбыўся пажар і дэтанацыя больш як 1200 вагонаў з боепрыпасамі. Раней з’яўлялася інфармацыя, што менавіта на гэтай пляцоўцы могуць размяшчацца "Арэшнікі".
Паводле інфармацыі BELPOL, закрыты дзяржаўны праект аформлены распараджэннем № 181 ад 2 лістапада 2023 года з грыфам "Сакрэтна", што выключае грамадскі кантроль, нягледзячы на норму Канстытуцыі Беларусі аб доступе грамадзян да інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў.
Галоўным аператарам будаўніцтва выступае ЗАТ "Завод карпусных вырабаў", створанае 16 лістапада 2023 года. Прадукцыя прадпрыемства арыентаваная на экспарт і выкарыстанне расійскай арміяй у вайне супраць Украіны.
На пляцоўцы будуецца лінія парцыйнага прэсавання выбуховых рэчываў для снарадаў і рэактыўных снарадаў, участкі падрыхтоўкі выбуховых сумесяў і зборкі РСЗА "Град", участкі зборкі артылерыйскіх стрэлаў, а таксама выпрабавальная пляцоўка і аб’ект утылізацыі браку.
Прадукцыя завода будзе ўключаць выпуск боепрыпасаў калібру 152 мм і 122 мм.
Паводле інфармацыі BELPOL, запланаваная вытворчая магутнасць прадпрыемства складае:
пры працы ў дзве змены — 120 000 рэактыўных снарадаў (122 мм) і 180 000 артылерыйскіх стрэлаў (152 мм) у год;
пры трохзменным рэжыме — 180 000 і 270 000 адзінак адпаведна.
Будаўніцтва прадпрыемства пачалося ў красавіку 2024 года, завяршэнне плануецца ў снежні 2026 года.
Колькасць персаналу мяркуецца каля 1500 чалавек.
Асноўным крэдыторам выступае Белінвестбанк, які знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі.
Тэрмін службы аб’екта — 50 гадоў.
Хто дапамагае Беларусі ў будаўніцтве
Расія пастаўляе тэхналагічныя лініі, навучае персанал і можа стаць асноўным пастаўшчыком выбуховых рэчываў, пораху і камплектуючых.
Кітай пастаўляе лінію заліўнога аснашчэння баявой часткі 122 мм, стварае закрыты канал абмену дакументамі, рыхтуе персанал у Чунцыне ў 2026 годзе і прапануе пастаўкі трацілу.
Іран вядзе перамовы пра пастаўкі кампанентаў стрэлаў (рэгіён "4334"), а Пакістан абмяркоўвае перадачу тэхналогій вытворчасці выбуховых рэчываў поўнага цыклу.
Колькі прадпрыемстваў у Беларусі працуе на вайну
Паводле інфармацыі BELPOL, у Беларусі на вайну працуе больш за 154 прадпрыемствы.
Больш за 20 прадпрыемстваў вырабляюць часткі для РСЗА "Град", 4 — корпусы артылерыйскіх снарадаў, 50 — оптыку для мадэрнізацыі бранятэхнікі РФ, 30 — мікраэлектроніку і фоташаблоны, 30 — БПЛА, 20 — сродкі РЭБ, а таксама прадпрыемствы, што вырабляюць шасі для "Іскандэраў" і С-300/400.
На думку BELPOL ЗАТ "Завод карпусных вырабаў" — цэнтральны элемент створанай у Беларусі новай галіны маштабнай вытворчасці боепрыпасаў.