Пяткевіч загадала паскорыць падрыхтоўку беларускай моладзі да вайны
Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі зладзіла аналіз мілітарызацыі адукацыі і вырашыла паскорыць гэты працэс / ВоенТВ
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі прааналізаваў арганізацыю вайсковай падрыхтоўкі і вайскова-патрыятычнай работы з дзецьмі і моладдзю і прыняў рашэнне, што неабходна ўдасканаліць гэтыя працэсы. Дакумент, у якім пералічваюцца патрабаванні, перададзены нам BELPOL і знаходзіцца ў распараджэнні рэдакцыі Еўрарадыё.
У дакуменце прапануецца прыцягнуць у школы афіцэраў, звольненых у запас, і арганізаваць перападрыхтоўку выкладчыкаў з ліку былых вайскоўцаў і іншых сілавікоў па педагагічным профілі.
Савет міністаў Беларусі ў адпаведнасці з лістом з адміністрацыі Лукашэнкі хоча, каб у школах сумясцілі пасаду кіраўніка па вайскова-патрыятычным выхаванні з пасадай настаўніка па дапрызыўнай падрыхтоўцы. Сярэднія школы павінны быць укамплектаваныя настаўнікамі па дапрызыўнай падрыхтоўцы і кіраўнікамі па вайскова-патрыятычным выхаванні.
За кошт мясцовых бюджэтаў адміністрацыя Лукашэнкі запатрабавала закупіць у кабінеты дапрызыўнай падрыхтоўкі наглядныя сродкі навучання і макеты зброі для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Таксама прапануецца дапрацаваць змест асобных тэм навучальных праграм па дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўцы з улікам сучасных метадаў вядзення баявых дзеянняў.
Не забыліся і пра ДАСААФ. У дакуменце гаворыцца, што неабходна выкарыстоўваць патэнцыял гэтай арганізацыі для вайсковай падрыхтоўкі і вайскова-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі.
Намесніца прэм'ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч патрабуе ўважліва вывучыць прапановы і паведаміць пра цяперашні стан спраў.
Тэрмін — да 2 лютага 2026 года.