Заробкі "ў канвертах" атрымлівалі 4000 таксоўцаў — Дзяржкантроль

Таксоўка, ілюстрацыйнае фота

Таксоўка, ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё

Камітэт дзяржкантролю праверыў сферу таксі ў Мінску і Мінскай вобласці. У выніку былі пачатыя 16 крымінальных спраў на пяцярых кіраўнікоў ды іншых службовых асоб кампаній.

Паводле прэс-службы КДК, у кампаніях выплочвалі заробкі "ў канвертах".

"Спыненая супрацьпраўная дзейнасць у выплаце "шэрых" заробкаў у 16 сталічных кампаніях-таксі. Грошы "ў канвертах" атрымлівалі больш за 4 тыс. кіроўцаў", — заяўляюць у ведамстве.

Сцвярджаецца, што таксоўцы пакідалі сабе грошы, калі кліенты разлічваліся гатоўкай. Гэтыя грошы нідзе не ўлічваліся. "У тых выпадках, калі гэтых сродкаў для выплаты заробку было недастаткова (да прыкладу, вялікую колькасць паездак пасажыры аплачвалі картай), у офісах кампаній кіроўцам дадаткова выдавалі грошы "ў канвертах", — кажуць у КДК.

Безнаяўныя грошы кіраўнікі кампаній пераводзілі ў гатоўку праз карпаратыўныя карты з фіктыўным прызначэннем "на гаспадарчыя патрэбы". Каб пацвердзіць фіктыўныя прызначэнні, службовыя асобы бралі чэкі і дакументы па аплаце ў знаёмых на АЗС, СТА, аўтамыйнях і г.д.

КДК налічыў больш за 5 мільёнаў рублёў недаплачанага падаходнага падатку. Цяпер падлічваюць, колькі недаплачана ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

"Падазраваныя затрыманыя, даюць прызнальныя паказанні і кампенсуюць прычыненую шкоду. На іх маёмасць і грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на разліковых рахунках кампаній, накладзены арышт", — заяўляюць у КДК.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.