Сітуацыю з грамадзянкай Індыі пракаментавалі ў МУС

Міна Джошы

Міна Джошы / МУС

Інфармацыю пра грамадзянку Індыі, якая не можа пакінуць Беларусь, пракаментавалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

Як паведамлялася раней, жанчына паскардзілася, што прыехала ў Беларусь на працу, але цяпер вымушаная жыць у нейкім кароўніку. Міна Джошы сказала, што засталася без грошай, а агент, праз якога яна шукала працу, знік і не выходзіць на сувязь. Грамадзянка Індыі заявіла, што не мае грошай, каб вярнуцца дадому.

У МУС заявілі, што "названыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці".

У міліцыі паведамілі, што летась у лістападзе 38-гадовая іншаземка прыбыла ў Беларусь на працу. У яе быў кантракт з сельгаспрадпрыемствам, на падставе чаго жанчыне далі дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі. "А таксама выдзелена жылое памяшканне ў цагляным доме з усімі выгодамі", — падкрэсліваюць у МУС.

"Літаральна праз восем дзён працоўныя адносіны з працадаўцам былі скасаваныя. Адпаведна, дазвол на часовае пражыванне ануляваны. Вядома, што пасля гэтага жанчына выязджала ў Расію, затым вярнулася ў нашу краіну. Мігрантка прызналася, што агент у Індыі абяцаў ёй іншую працу, але па прыбыцці перастаў адказваць на тэлефанаванні", — дадаюць у міліцыі.

У МУС пачалі праверку, каб высветліць усе акалічнасці справы. У тым ліку міліцыя высвятляе наймальнікаў і пасярэднікаў, якія дапамаглі грамадзянцы Індыі трапіць у Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.