За 10 сутак Літва не заўважыла ніводнай спробы неўрэгуляванай міграцыі з РБ

Беларуска-літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Беларуска-літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота / VSAT

Ад пачатку 2026 года літоўскія памежнікі спынілі спробы 13 мігрантаў нелегальна трапіць у краіну з Беларусі. Пра гэта паведамляе Дзяржаўная памежная служба пры МУС Літвы.

Для параўнання служба прыводзіць статыстыку. У 2025 годзе такіх спробаў было 1652, у 2024-м — 1002, у 2023-м — 2643, у 2022-м — 11 211.

Ад пачатку міграцыйнага крызісу, створанага рэжымам Лукашэнкі на межах з краінамі Еўрасаюза, літоўскія памежнікі перашкодзілі 24 627 мігрантам нелегальна трапіць у краіну.

Аднак за апошнія 10 сутак літоўскія памежнікі не зафіксавалі ніводнага выпадку неўрэгуляванай міграцыі. На мяжы Беларусі з Латвіяй мігрантаў апошні раз фіксавалі 30 снежня, на мяжы з Польшчай — 9 студзеня.

"У цяперашні час можна падазраваць, што дзейнасць па арганізацыі гэтых мігрантаў, іх накіраванні, аказанні ім садзейнічання і таму падобнае — яна цяпер у нейкім сэнсе прыпыненая", — пракаментаваў інфармагенцтву BNS прэс-сакратар Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.