Расійскі апазіцыянер абразіў РДК і Буданава — яго могуць пазбавіць ВНЖ у Літве

Леанід Волкаў

Леанід Волкаў / LRT

Былы кіраўнік штаба Навальнага Леанід Волкаў рэзка выказаўся пра кіраўніка фарміравання расійскіх добраахвотнікаў ва Украіне і на той момант кіраўніка ГУР краіны Кірылу Буданава. Цяпер яго правярае Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі (ДДБ) Літвы — апазіцыянера могуць пазбавіць ВНЖ.

У канцы 2025-га ГУР інсцэніраваў смерць кіраўніка "Рускага добраахвотніцкага корпуса" (РДК) Дзяніса Капусціна. Пасля гэтага Волкаў напісаў былой калезе па "Фондзе барацьбы з карупцыяй", якая зараз працуе ў РДК. У тым паведамленні Волкаў назваў Капусціна "нацыкам", які "разам з РДК вырашаў мутныя задачы гнюснага вясковага паліттэхнолага Буданава". Атрымальніца паведамленняў вырашыла апублікаваць іх.

Пасля гэтага Дэпартамент міграцыі Літвы звярнуўся ў ДДБ з пытаннем, ці не з'яўляецца Волкаў пагрозай бяспецы краіны. У сераду наконт сітуацыі выказалася і прэм'ер-міністр Інга Ругінэне: яна сказала, што "такі чалавек не павінен заставацца ў Літве".

Волкаў пражывае ў Літве з 2019 года, як і іншыя асноўныя супрацоўнікі ФБК Навальнага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.