Былы кіраўнік МУС Беларусі перапрадае зерне з акупаваных тэрыторый Украіны

Уладзімір Навумаў і яго сям’я замяшаныя ў схеме перапродажу ўкраінскага зерня з акупаваных раёнаў

Уладзімір Навумаў і яго сям’я замяшаныя ў схеме перапродажу ўкраінскага зерня з акупаваных раёнаў / Reuters

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расія вывезла з акупаваных тэрыторый Украіны больш за 15 млн тон украінскага зерня. Каб схаваць паходжанне прадукцыі і абысці санкцыі, была створана схема з удзелам расійскіх і беларускіх кампаній. Сляды апошніх вядуць да былога міністра МУС Беларусі Уладзіміра Навумава і яго сям’і. Такія звесткі прыводзяцца ў новым расследаванні BELPOL.

Як працуе маштабная схема

Спачатку прадукцыя паступае ў створаную акупацыйнымі ўладамі дзяржкарпарацыю "Аграрны Данбас". Далей зерне і алейныя культуры перадаюцца партнёрам у Расіі, дзе афармляюцца як прадукцыя "прадпрыемстваў аграрна-прамысловага комплексу РФ".

Ключавым партнёрам "Аграрнага Данбаса" стала кампанія "Зорка Фуд", зарэгістраваная ў Маскве. Паралельна аналагічны кантракт быў падпісаны з беларускім ТАА "Звязда Фармацэўтыка ДД". Гэтыя дзве кампаніі, як вынікае з дакументаў, звязаныя паміж сабой.

Ключавая роля ў іх адводзіцца Уладзіміру Навумаву — былому міністру ўнутраных спраў і экс-начальніку службы бяспекі прэзідэнта Беларусі. Ён кантралюе актывы праз сваякоў і давераных асоб.

Заснавальнікам "Зорка Фуд" з’яўляецца маскоўскае ААТ "Залаты Руднік". Дакументы ўказваюць на ўдзел у структуры самога Навумава і яго дзяцей — Анастасіі і Захара Навумавых.

Бацькі і дзеці

Дзеці Навумава адыгрываюць фармальную, але важную ролю ў схеме. Анастасія і Захар Навумавы валодаюць па 25% у беларускім ТАА "Звязда Фармацэўтыка ДД". Яшчэ 50% належыць Алегу Каржалю, на якога таксама зарэгістраваная беларуская кампанія "Зорка Фуд" — фактычна двайнік расійскай структуры. Такім чынам, актывы размеркаваныя паміж членамі сям’і і даверанымі асобамі, што дазваляе хаваць канчатковага бенефіцыяра і зніжаць санкцыйныя рызыкі.

Пасля перапрацоўкі і перагрузкі прадукцыя паступае ў Беларусь, а потым канчатковай кропкай пазначаюцца краіны Блізкага Усходу, напрыклад, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Як сцвярджае BELPOL, для зніжэння рэпутацыйных рызык выкарыстоўваюцца еўрапейскія пасярэднікі.

Расследавальнікі лічаць, што гаворка ідзе не пра разавыя камерцыйныя аперацыі, а пра сістэмную і загадзя спланаваную мадэль атрымання прыбытку з рэсурсаў акупаваных тэрыторый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.