Аэрапорт Вільні зноў закрывалі праз кантрабандысцкія метэазонды
Віленскі аэрапорт / LRT
Увечары 17 лютага Віленскі аэрапорт зноў на дзве гадзіны прыпыняў працу праз пагрозу, выкліканую наяўнасцю кантрабандысцкіх паветраных шароў у паветры. Гэта закранул чатыры рэйсы, паведаміў кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызісамі Вілмантас Віткаўскас.
"Два рэйсы былі перанакіраваныя: адзін у Каўнас, другі ў Рыгу. Гэта закранула 215 пасажыраў. Але пазней, калі паветраную прастору адкрылі, гэтыя самалёты змаглі вярнуцца і зноў сесці ў Вільні. Так што фактычна ўплыў быў мінімальным. Яшчэ два рэйсы былі крыху затрыманыя, што закранула 235 пасажыраў", — перадае яго словы Радыё LRT.
Паводле Віткаўскаса, інтэнсіўнасць запускаў кантрабандысцкіх шароў не была высокай, аднак яны ляцелі па вельмі небяспечнай траекторыі. Спецыялісты па аэранавігацыі зафіксавалі тры пазнакі, якія набліжаліся да зоны Віленскага аэрапорта.
Сёлета гэта ўжо другі выпадак часовага закрыцця Віленскага аэрапорта.
Папярэдні раз палёт аэрастатаў фіксавалі ў мінулую пятніцу, 13 лютага. Але тады пілоты атрымалі толькі папярэджанне, і Віленскі аэрапорт не спыняў працу.