Улады Беластока вылучылі дзве кватэры для беларускіх экс-палітвязняў

Павел Латушка і кіраўніцтва Беластока

Павел Латушка і кіраўніцтва Беластока / Krzysztof Zdanuczyk

Улады Беластока вылучылі з фонду сацыяльнага жылля дзве кватэры для вызваленых беларускіх палітвязняў. За гэта ім падзякаваў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка.

Ён сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Беластока Марэкам Масальскім. Падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытанні дапамогі беларускім палітвязням, вызваленым і дэпартаваным на тэрыторыю Польшчы, паведамляе прэс-служба АПК. Таксама ўздымаліся пытанні магчымага часовага пражывання для новых груп палітвязняў, калі найбліжэйшым часам іх вызваляць і дэпартуюць на тэрыторыю Польшчы.

Латушка звярнуў увагу, што да моманту атрымання статусу міжнароднай абароны, вызваленыя палітвязні не маюць права працаваць. Гэта ўскладняе пошук выдаткаў на іх пражыванне і забеспячэнне іншай неабходнай дапамогай.

Акрамя таго Латушка і Масальскі абмеркавалі падтрымку беларускай меншасці ў Беластоку. Намеснік кіраўніцы АПК падзякаваў кіраўніцтву горада за падтрымку беларускай меншасці і фінансавую дапамогу ў арганізацыі гала-канцэрта XXXIII Агульнапольскага фестывалю "Беларуская песня-2026".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.