АПК запускае інфацэнтры для вырашэння праблемаў беларусаў за мяжой
Ірына Маклейн / Еўрарадыё
Для вырашэння праблемаў беларусаў за мяжой плануецца стварыць інфацэнтры. Гэтым займаецца Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК).
Запуск такіх інфацэнтраў у розных краінах стане новым прыярытэтам Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы АПК у 2026 годзе, заявіла намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Ірына Маклейн.
"Беларусы ў розных краінах сутыкаюцца з падобнымі сацыяльнымі праблемамі. Падтрымка у іх вырашэнні на сёння ёсць, але яна фрагментарная і неструктураваная. Інфацэнтры павінныя стаць часткай сістэмнага падыходу", — паведаміла Ірына МакЛейн.
Гэтыя інфацэнтры не будуць новай палітычнай арганізацыяй — яны стануць сэрвіснай функцыяй унутры ўжо наяўных дыяспаральных супольнасцяў і ініцыятыў. Плануецца, што ў інфацэнтры беларусам дапамогуць у развязанні канкрэтных праблем: дадуць кансультацыю (напрыклад, па легалізацыі, працы), інфармацыю пра сацыяльныя правы, накіраванне да юрыста, акажуць дапамогу ў пошуку меддапамогі, сувязі з крызіснымі службамі.