Украіна ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі
Так Лукашэнка і Зяленскі сустракаліся ў 2019 годзе / прэс-служба Лукашэнкі
Украіна ўвяла санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі і абвясціла пра ўзмацненне міжнароднага ціску за яго ўдзел у вайне супраць Украіны. Пра гэта паведаміў Уладзімір Зяленскі.
Украінскі прэзідэнт адзначыў, што ў другой палове 2025 года на тэрыторыі Беларусі расійскія войскі разгарнулі сістэмы рэтранслятараў для кіравання ўдарнымі дронамі. Гэта значна павялічыла магчымасці Расіі наносіць удары па паўночных рэгіёнах Украіны.
На расійскі ваенна-прамысловы комплекс працуюць больш за 3000 беларускіх прадпрыемстваў: пастаўляюць тэхніку, абсталяванне і крытычна важныя кампаненты, у тым ліку для ракет, якімі бамбяць украінскія гарады і вёскі.
"Працягваецца і развіццё інфраструктуры для размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ракет сярэдняй далёкасці — "Арэшнік", што з'яўляецца відавочнай пагрозай не толькі для ўкраінцаў, але і для ўсіх еўрапейцаў. /.../ Аляксандр Лукашэнка ўжо даволі даўно абменьвае суверэнітэт Беларусі на падаўжэнне асабістай улады", — заявіў прэзідэнт Украіны.
Афіцыйны Кіеў звяртае ўвагу, што рэжым Лукашэнкі дапамагае Расіі абыходзіць санкцыі і адкрыта падтрымлівае агрэсію. За гэта, як мяркуе ўпаўнаважаны прэзідэнта па пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк, санкцыі супраць Беларусі павінны быць такімі ж, як і супраць Расіі.