Прадпрыемствы-даўжнікі ў 2025 годзе яшчэ горш разлічваліся за энергію

Сістэма спецрахункаў дала збой

Сістэма спецрахункаў дала збой / LookByMedia

Беларускія прадпрыемствы, якія разлічваюцца праз спецыяльныя рахункі, сталі плаціць яшчэ горш. Паводле вынікаў 2025 года агульны ўзровень аплаты за спажытую энергію склаў 81,4%, што на 12,6% менш, чым у 2024 годзе. Пра гэта сведчаць даныя пратакола Рэспубліканскай камісіі па кантролі за ажыццяўленнем разлікаў за прыродны газ, электрычную і цеплавую энергію ад 29 студзеня 2026 года. Дакумент рэдакцыі Еўрарадыё прадаставіла арганізацыя BELPOL.

Гаворка ідзе пра прадпрыемствы, пераведзеныя на так званыя спецрахункі. Такі механізм быў уведзены ў 2021 годзе пасля ўказа Лукашэнкі №221. Яго прымяняюць у адносінах да арганізацый, якія сістэматычна не разлічваюцца за газ, электраэнергію і цяпло.

Як гэта павінна было працаваць

Для прадпрыемства адкрываюць спецыяльны рахунак. Грошы, якія паступаюць на яго звычайныя банкаўскія рахункі, могуць прымусова пералічвацца на гэты спецрахунак. Адтуль сродкі накіроўваюцца ў першую чаргу на пагашэнне даўгоў за энергарэсурсы. Гэта значыць прадпрыемства ўжо не можа свабодна распараджацца ўсёй выручкай, пакуль не пагасіць запазычанасць за святло, газ і цяпло.

Першапачаткова спецрахункі задумваліся як спосаб навесці фінансавую дысцыпліну і не дапусціць росту даўгоў.

Але, як бачна, і гэтая сістэма пачала даваць збой. Даўгі растуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.