Ён быў у Курапатах — Дашкевіч выказаўся аб Пратасевічу

Раман Пратасевіч

Раман Пратасевіч

Былы лідар "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч у інтэрв'ю Аляксандру Івуліну расказаў пра сваё стаўленне да Рамана Пратасевіча. Цяперашні тэлепрапагандыст з восені 2011 года ўваходзіў у "Малады фронт".

"Кожны ж робіць свой выбар. Я б не сказаў, што Рома нейкі такі дрэнны чалавек. І быў ён у Курапатах, і начаваў, і першую ноч абароны там здымаў. Я б нечага такога дрэннага не сказаў", выказаўся Дашкевіч пра былога паплечніка.

Ён мяркуе, што на Пратасевіча аказалі нейкі ўплыў пасля таго, як ён зноў аказаўся ў Беларусі.

"Што яны зрабілі з ім? Мне цяжка меркаваць. Я з ім не размаўляў. Каб ён мне напісаў, ці набраў — я б, можа, запытаўся: "Што з табой сталася?" Ну, гэта свядомы выбар чалавека. Ён яго робіць. На жаль", — канстатаваў Дашкевіч. Ён назваў вялікай драмай гісторыю з Пратасевічам.

Пры гэтым ён дадаў, што не сочыць за Пратасевічам і не ведае, ці прайшоў той кропку невяртання, якой Дашкевіч лічыць блюзнерства наконт Святога Духа. Вось Рыгор Азаронак, на яго думку, перайшоў мяжу, якая забараняе за яго маліцца. Паводле Дашкевіча, гэты прапагандыст "прапаведуе сатанізм, захапляецца Сталіным". Да людзей, якія перайшлі мяжу, ён далучыў і кіраўнікоў рэпрэсіўных органаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.