Cтаткевіч вярнуўся ў Беларусь, Дашкевіч выказаў такі ж намер

Мікалай Статкевіч на беларуска-літоўскай мяжы

Мікалай Статкевіч на беларуска-літоўскай мяжы / Памежны камітэт

Мікалай Статкевіч, вызвалены 11 верасня ў ліку 52 палітвязняў, адмовіўся выязджаць у Літву. Некалькі гадзін ён правёў на беларуска-літоўскай мяжы.

Паплечнік Статкевіча па партыі "Народная грамада" Яўген Вільскі спрабаваў угаварыць палітыка перайсці ў Літву. Аднак Статкевіч заявіў, што сам будзе вырашаць свой лёс.

"Было некалькі спробаў яго ўгаварыць: і амерыканскія дыпламаты, і жонка, і яшчэ нейкая жанчына. Мне далі пяць хвілін, гэта была апошняя спроба. Завялі туды, гэта адбывалася ў Беларусі, на памежным пераходзе. Ён адмовіўся. Ён лічыць, што Лукашэнка не вырашае яго лёс",перадае выданне "Зеркало" словы Вільскага.

Ад мяжы Статкевіча некуды павезлі людзі ў масках, які ўвесь час чакалі непадалёк.

Астатнія палітвязні выехалі ў Вільню.

Былы лідар "Маладога фронту" Зміцер Дашкевіч у каментары Радыё Свабода таксама выказаў намер вярнуцца ў Беларусь: "Я вельмі люблю сваю сямʼю. Дзеля іх я ўсё гэта вытрымаў. Дзеля іх я вярнуўся. І канешне, у мяне вельмі супярэчлівыя пачуцці, што ёсць воля, а няма сямʼі. Калі ім не дазволяць да мяне прыехаць, узьяднацца, я паеду ў Беларусь назад".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.