Ціханоўскі пра сустрэчу з Пратасевічам: "Падрыхтавалі касцюм без біркі"

Раман Пратасевіч

Раман Пратасевіч / БЕЛТА

Сяргей Ціханоўскі чакаў вызвалення, але думаў, што яно адбудзецца раней. Паводле яго словаў, яшчэ ў жніўні мінулага года да яго прыязджаў памочнік пракурора і ўгаворваў падпісаць прашэнне аб памілаванні. А пасля Новага года да яго прыехаў Раман Пратасевіч.

"Прыходжу з бані, гляджу — скралі мой касцюм з жоўтай біркай. Кажуць — там новы ляжыць, без біркі. Разумею: нешта здымаць будуць, рыхтуюцца. Потым заводзяць мяне ў пакой, дзе стаяць два крэслы, карціна вісіць. Пад паталком вісіць маленькая камера. Я спецыяльна развярнуў крэсла і сеў да яе спіноў. Урываюцца палкоўнікі: ты што, навошта спіной сеў!" — пераказвае падзеі таго дня Ціханоўскі.

Пасля ў пакой зайшоў Раман Пратасевіч і пачаў угаворваць Ціханоўскага напісаць прашэнне аб памілаванні.

"Ты з глузду з'ехаў? — запытаўся ў яго Ціханоўскі. — І працытаваў Салжаніцана: палітвязень — гэта той, хто мае прынцыпы, адмовіўшыся ад якіх можа атрымаць волю. А той, у каго прынцыпаў няма — палітычная шпана. <...> Яго праўда шкада. Ён малады хлопец, яго запужалі, не асуджайце яго".

Ціханоўскі расказвае, што Пратасевіч прывёз яму каву, гарбату і кавалачак сала. Да гэтага палітвязень не атрымліваў перадачы.

Паля гэтага Пратасевіч намагаўся ўгаварыць Ціханоўскага напісаць бумагу пра тое, што ён не супраць, каб рэжым перадаў яго за мяжу.

"Я кажу, я табе нічога пісаць не буду, бо вы потым пакажаце... Я вам нікому не веру", — узгадвае размову Ціханоўскі.

Фатаграфавацца і запісваць сумеснае відэа палітвязень адмовіўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.