Стала вядома пра смерць у Беларусі яшчэ аднаго ўкраінца, вывезенага войскамі РФ

Барадзянка пасля расійскай акупацыі

Барадзянка пасля расійскай акупацыі / twitter.com/Denys_Shmyhal

Стала вядома пра смерць у Беларусі яшчэ аднаго грамадзяніна Украіны, якога прымусова вывезлі расійскія войскі. Мужчына памёр і пахаваны ў Рэчыцкім раёне Гомельшчыны, даведалася Радыё Свабода.

Паведамляецца, што сталага ўкраінца прымусова вывезлі з Барадзянкі Бучанскага раёну Кіеўскай вобласці ў сакавіку або красавіку 2022 года. Падчас расійскай акупацыі Барадзянкі яго, як і іншых жыхароў, трымалі ў царкве.

Потым яго вывезлі ў Гомельскую вобласць. У траўні 2022-га мужчына аказаўся ў вёсцы Холмеч Рэчыцкага раёну, дзе яго змясцілі ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А 9 верасня 2025 года ўкраінец памёр у веку 86 гадоў. Пахавалі яго на мясцовых могілках.

Раней паведамлялася, што ў доме-інтэрнаце для старых у Ветцы Гомельскай вобласці памерла ўкраінка. Гэта адбылося праз тры месяцы пасля яе прымусовага вывазу расійскімі вайскоўцамі з Кіеўскай вобласці ў Беларусь.

У снежні 2023-га стала вядома пра смерць у Беларусі 15-гадовай Арыны Яцюк, якую расійскія салдаты паранілі ў сакавіку 2022 года пад Кіевам пры спробе эвакуацыі. Цела дзяўчыны захоўвалася ў трупярні Мазыра. Апазналі яе па ДНК, калі цела перадалі ва Украіну падчас абмену.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.