Віктар Бабарыка расказаў пра свае планы ў палітыцы
Віктар Бабарыка і Марыя Калеснікава на сустрэчы з Святланай Ціханоўскай / прэс-служба Ціханоўскай
"Нерасійская" (незалежная), бяз’ядзерная, дэмакратычная Беларусь — неабходны элемент бяспекі Еўропы. Так абазначыў сваю мэту экс-палітвязень Віктар Бабарыка ў сваім допісе ў сацсетках.
"Адразу хачу ўдакладніць: гэта не палітычная заява і не рашэнне "заставацца" ў палітыцы.
Я — менеджар. І калі я нешта сапраўды ўмею, дык гэта прапаноўваць бачанне будучыні, структураваць і фармаваць шляхі руху да пастаўленай мэты, ацэньваць і знаходзіць неабходныя рэсурсы для яе дасягнення (людзей, каманды, інструментарый і г.д.), арганізоўваць працу, кантраляваць ход выканання, уносіць патрэбныя карэкціроўкі і справаздачыцца перад тымі, хто даў мне магчымасць спрыяць дасягненню ўзгодненых мэтаў", — падкрэсліў палітык.
Бабарыка падрабязна растлумачыў, што азначаюць кампаненты ягонай мэты
"Нерасійская". Паводле яго, Беларусь цяпер амаль цалкам залежыць ад сыравінных рэсурсаў Расіі. Таксама дзейнічаюць заходнія санкцыі за саўдзел у агрэсіі супраць Украіны. У выніку беларуская прадукцыя прадаецца пераважна на расійскім рынку. "Гэта істотна абмяжоўвае наш суверэнітэт і магчымасць жыць так, як хочам мы, а не так, як выгадна камусьці іншаму", — адзначае ён.
"Бяз’ядзерная". Палітык згадаў, што з канстытуцыі выкраслілі артыкулы пра бяз’ядзерны статус і нейтралітэт краіны. У выніку "на нас павесілі "пояс шахіда" ў выглядзе "Арэшніка", пульт кіравання ад якога знаходзіцца ў Маскве", заяўляе Бабарыка. Таксама ён адзначыў, што ў Беларусі цяпер створаны імідж пагрозы для суседзяў.
"Дэмакратычная". Палітык падкрэслівае, што шлях развіцця краіны павінны выбіраць усе грамадзяне: "Мы павінны пабудаваць краіну, у якой народ фармулюе запыты да ўлады дзеля дабрабыту людзей, а не ўлада загадвае, што і як нам рабіць дзеля захавання самой сябе".
Паводле яго, цяпер дарога да гэтай мэты значна даўжэйшая, чым была ў 2020-м. Але Бабарыка не лічыць сітуацыю безнадзейнай.
Дарэчы, у Берліне прайшла сустрэча Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай са Святланай Ціханоўскай і яе дарадцамі. На ёй абмяркоўваліся стратэгічныя прыярытэты, крокі па ўмацаванні дэмакратычных сілаў і ўзмацненні адзінства, паляпшэнні каардынацыі на міжнароднай арэне, а таксама вызваленне палітвязняў.