У Мінску асудзілі "кур'ераў BYSOL". У фондзе заявілі, што не маюць кур'ераў

Суд / Суд / Еўрарадыё

Суд

Чатырох кур'ераў Фонду салідарнасці BYSOL асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе, паведамляе пракуратура Мінска.

Ім інкрымінавалі ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні. А адной з абвінавачаных таксама інкрымінавалі ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушалі грамадскі парадак.

Паведамляецца, што абвінавачаныя мінчукі далучыліся да BYSOL у якасці кур'ераў "не пазней за чэрвень 2024 года". Міліцыянты затрымалі іх праз пяць месяцаў, не зважаючы на прынятыя меры канспірацыі: выкарыстанне кодавых фраз, мінімізацыю візуальных кантактаў, выдаленне перапіскі.

Паводле абвінавачання, за пяць месяцаў "злачынны даход" чатырох чалавек склаў 2 тысячы еўра і 1100 долараў.

На судзе двое абвінавачаных цалкам прызналі віну. Яшчэ двое заяўлялі, што не мелі дачынення да BYSOL.

Дваім абвінавачаным суд прызначыў па два гады зняволення. А яшчэ дваім (у тым ліку жанчыне, абвінавачанай у парушэнні грамадскага парадку) — па тры гады пазбаўлення волі. Таксама суд прызначыў кожнаму штраф у 21 тысячу рублёў (500 базавых велічыняў).

У асуджаных канфіскавалі тэлефоны і грошы. Таксама з іх спагналі больш за 10 тысяч рублёў "як эквівалент злачыннага даходу".

АБНОЎЛЕНА

BYSOL: у нас няма “кур’ераў”. Сілавікі схлусілі адносна тых, хто атрымаў сёння турэмныя тэрміны за “кур’ерскую працу”.

Нашая арганізацыя не карыстаецца кур'ерамі для перадачы грошай унутры Беларусі”, — заявіў @euroradio прадстаўнік фонда Зміцер Ягораў.

“Мы робім усё, каб не падвяргаць людзей небяспецы. Тое, што ў Мінску асудзілі чатырох чалавек, прыпісваючы ім ролю кур'ераў BYSOL – прыклад пошуку палітычных ворагаў ды хлусні з боку сілавікоў.

Гэтыя людзі асуджаныя несправядліва і з палітычных матываў. Яны ніколі не былі кур'ерамі BYSOL, па простай прычыне – BYSOL ніколі не меў кур'ерскай сеткі ў Беларусі”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.