Дырэктар гомельскай фабрыкі скраў у 100 разоў болей за яе гадавы даход

Дом аднаго з фігурантаў справы

Дом аднаго з фігурантаў справы / МУС

51-гадовы дырэктар гомельскага прадпрыемства разам з 46-гадовым кіраўніком камерцыйнай структуры арганізаваў фіктыўную пастаўку сыравіны ў адрас сваёй арганізацыі. Злачынную схему выкрылі гомельская міліцыя і Камітэт дзяржкантролю.

Як сцвярджаюць у МУС, з дапамогай схемы па працэдурах куплі камплектуючых менш чым за тры гады саўдзельнікі скралі каля 1,4 мільёна рублёў (амаль 500 тысяч долараў). Атрыманыя грошы яны выдаткоўвалі на куплю дарагіх аўтамабіляў, абсталявання, а таксама добраўпарадкаванне і будаўніцтва прыватных дамоў.

На мужчын пачалі крымінальную справу за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Як заўважыла выданне "Флагшток", у міліцэйскім відэасюжэце фігуруюць абутковае прадпрыемства, дагавор на пастаўку накладак з успененай гумы, падэшва з фірмовым лагатыпам. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра фабрыку "Праца", якая ўваходзіць у канцэрн "Беллегпрам". Прадпрыемства размяшчаецца ў цэнтры Гомеля і займаецца вытворчасцю спецабутку, спецадзення і сродкаў індывідуальнай абароны. Лагатып менавіта гэтай фабрыкі з'яўляецца ў відэа МУС.

Журналісты "Флагштока" датэлефанаваліся на прадпрыемства, дзе ім адказалі, што гендырэктар Віктар Півавараў нібыта знаходзіцца ў адпачынку і звязацца з ім пакуль ніяк нельга.

Дарэчы, даход самога прадпрыемства значна ніжэйшы за тыя сумы, якія фігуруюць у крымінальнай справе. Паводле звестак за 2024 год, чысты прыбытак прадпрыемства склаў толькі 13 тысяч рублёў — у 100 разоў менш, чым прыўлашчылі гендырэктар з саўдзельнікам.

Дырэктар гомельскай фабрыкі скраў у 100 разоў болей за яе гадавы даход
Падэшва з лагатыпам ААТ "Праца" / МУС
Дырэктар гомельскай фабрыкі скраў у 100 разоў болей за яе гадавы даход
Фабрыка "Праца" / ФПБ
Дырэктар гомельскай фабрыкі скраў у 100 разоў болей за яе гадавы даход
Віктар Півавараў / Гомельские ведомости

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.