Беларусь за год апусцілася на 10 радкоў у рэйтынгу ўспрымання карупцыі
Беларусь у рэйтынгу ўспрымання карупцыі / transparency.org
Міжнародная арганізацыя Transparency International апублікавала рэйтынг успрымання карупцыі за 2025 год.
Беларусь у ім аказалася на 124-м месцы з 182 краін, уключаных у рэйтынг. У параўнанні з 2024 годам наша краіна страціла 10 пазіцый.
Індэкс успрымання карупцыі ў Беларусі ацэнены ў 31 бал — на 2 балы менш, чым за год да гэтага.
Аднак аўтары даследавання кажуць, што паказчыкі пагоршыліся ва ўсім свеце. Менш за 50 балаў атрымалі 122 краіны — гэта сведчыць пра шырокі распаўсюд карупцыі. Больш за 80 балаў маюць толькі пяць краін, хоць дзесяць гадоў таму іх было 12.
Таксама аўтары даследавання кажуць пра трывожную тэндэнцыю да пагаршэння сітуацыі з карупцыяй у дэмакратычных краінах — "ад ЗША (64), Канады (75) і Новай Зеландыі (81) да розных частак Еўропы, такіх як Вялікабрытанія (70), Францыя (66) і Швецыя (80)".
Калі глядзець па суседзях Беларусі, дык самае высокае месца ў рэйтынгу займае Літва (28), за ёй ідуць Латвія (37), Польшча (52), Украіна (104), а потым Расія (157).
У лідарах рэйтынгу — Данія, Фінляндыя, Сінгапур, Новая Зеландыя, Нарвегія.
Індэкс CPI вымярае не карупцыю як такую, не колькасць і памеры хабару, а менавіта яе ўспрыманне. Індэкс вылічваецца на падставе апытанняў міжнародных экспертаў, а таксама буйных фінансавых і праваабарончых арганізацый.